Эканоміць трэба эфектыўна

Забеспячэнне эканамічнай бяспекі дзяржавы пастаянна знаходзіцца ў полі зроку Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці. Чарговая калегія, на якой было разгледжана пытанне выканання Дырэктывы № 3, прайшла ў Баранавічах.

На базе Баранавіцкага гарвыканкама прайшла калегія Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці, на якой разгледжаны вынікі праверкі асобных арганізацый жыллёва-камунальнага гаспадарання па выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007 года № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.

На калегіі адзначана, што ў цэлым па вобласці арганізацыі ЖКГ выконваюць пастаўленыя перад імі задачы. З другога боку, факты, выяўленыя супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю ў ходзе праверак эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, сведчаць аб тым, што работа камунальнікаў усё яшчэ застаецца недастаткова эфектыўнай. Да прыкладу, значна панізіць страты цяпла і матэрыяльных рэсурсаў дазваляюць папярэдне ізаляваныя трубы, але працэнт цеплатрас з іх выкарыстаннем пакуль невялікі: у Ганцавічах – 66 працэнтаў, у Івацэвічах – 57, у Ляхавічах – 32, а ў Баранавічах – усяго крыху больш за 26 пры 65 працэнтным зносе цеплавых сетак.

Некаторыя прадпрыемствы ЖКГ сістэматычна не выконваюць і даведзеныя ім гадавыя заданні па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. У зону крытыкі ў гэтым кантэксце папала Баранавіцкая раённая ЖКГ, якая не выканала запланаваныя рэканструкцыі кацельняў у пасёлку Кастрычніцкім, у вёсках Вольна, Гірмантаўцы і Крошын. Зацягнула з рэканструкцыяй кацельні на вуліцы Брэсцкай і гарадская ЖКГ. І гэта ў сітуацыі, калі праекты рэканструкцыі ўжо выкананы праекціроўшчыкамі і аплачаны.

Шмат прэтэнзій у спецыялістаў КДК узнікла і да правядзення энергааўдыту ў камунальных арганізацыях, які дазваляе  дасканала распрацаваць сістэму мерапрыемстваў па эканоміі.

Калегія засяродзіла ўвагу яе ўдзельнікаў на неабходнасці больш шырокага выкарыстання мясцовых відаў паліва. У саміх Баранавічах на мясцовых відах паліва працуе ўсяго 4 кацельні з наяўных 27. У Баранавіцкім раёне – 10 з 30, у Ляхавіцкім – 18 з 25, у Івацэвіцкім — 23 з 43. Толькі ў Ганцавіцкім раёне ўсе кацельні працуюць на мясцовых відах паліва.

На брыфінгу для журналістаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці Валерый Стадольнік адзначыў, што КДК ні ў якім выпадку не імкнецца каго-небудзь паказальна пакараць. Задача спецыялістаў дзяржаўнага кантролю заключаецца перш за ўсё ў тым, каб сумесна з кіраўнікамі правераных прадпрыемстваў прааналізаваць памылкі, выявіць праблемныя месцы, а потым распрацаваць стратэгію і вызначыць накірункі далейшай работы па эканоміі і беражлівасці.

КДК Брэсцкай вобласці

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *