Жыллёвы інтарэс

Адразу пачну з прыкладу. Дом у вёсцы, дзе жылі бацькі, выраслі дзеці, сын лічыў сваёй уласнасцю і нават думкі не дапускаў, што можа быць інакш. Аднак, сядзіба не была зарэгістравана ў БТІ (адпа-           ведна, не было тэхпашпарта і пасведчання на права карыстання зямельным участкам). Пасля смерці бацькоў і мачахі сын вырашыў узаконіць права  на сядзібу. Але прэтэндаваць на яе сталі ўжо і сваякі мачахі… Усяго гэтага не здарылася б, каб ён своечасова ўступіў у права  валодання спадчынай, аформіў дакументы на дом і зарэгістраваў іх у бюро тэхнічнай інвентарызацыі.

Дарэчы, як расказаў рэгістратар Ляхавіцкага бюро Баранавіцкага філіяла РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” Аляксандр Савіцкі, што-дзень жыхары раёна звяртаюцца з пытаннямі, звязанымі з афармленнем  спадчыны, рэгістрацыяй дагавораў куплі-продажу нерухомасці, перарэгістрацыі яе ад аднаго ўласніка да другога. Вельмі запатрабаваная паслуга – выезд спецыяліста на аб’ект для правядзення работ па тэхнічнай інвентарызацыі або праверцы тэхнічных характарыстык з наступным афармленнем, рэгістрацыяй і выдачай тэхпашпарта або пасведчання аб рэгістрацыі зямельнага ўчастка.

Рашэнне ўласнікаў дакументальна пацвердзіць права прыналежнасці ім нерухомасці, зразумела,  папярэдзіць магчымыя канфлікты. Ды і наогул, у кожнага дома, сядзібы павінен быць законны          гаспадар. Між іншым, па словах Аляксандра Савіцкага, толькі каля 10 працэнтаў жылых дамоў і іншых пабудоў, якія ёсць на тэрыторыі раёна, забяспечаны тэхпашпартамі. Таму служба БТІ мэтанакіравана праводзіць растлумачальную работу. Дапамагае цесны кантакт з натарыяльнай канторай. Быў час, калі пытанню рэгістрацыі пабудоў і афармленню адпаведных дакументаў значную ўвагу надаваў Белдзяржстрах. Гэтая служба фінансавала работу ў двух сельсаветах: Навасёлкаўскім і Крывошынскім, дзе быў зроблены падворны абход і падрыхтаваны дакументы.

Кожны гаспадар сядзібы павінен сам паклапаціцца пра спадчыну для сваіх нашчадкаў. Бюро тэхнічнай інвентарызацыі гатова дапамагчы ў любы момант. Прычым, работа службы арганізавана так, каб як мага менш клопатаў было ў заяўніка. Дастаткова падаць заяву — астатнія клопаты па зборы неабходнай інфармацыі бярэ на сябе БТІ. Прыкладна праз месяц ваша нерухомасць будзе зарэгістравана і забяспечана тэхпашпартам.  Паслугі бюро платныя, але  тарыфы на паслугі – мінімальныя. Аляксандр Савіцкі падкрэсліў, што, згодна заканадаўства, для жыхароў сельскай мясцовасці, якія прапісаны на тэрыторыі сельсавета, дакументы на зямельныя ўчасткі землеўпарадкавальная служба афармляе бясплатна. За рэгістрацыю іх у бюро бярэцца плата —  прыкладна базавая велічыня.

Усяго 4 чалавекі, якія працуюць у службе, выконваюць  значны аб’ём работ. Штодзень разбіраюць электронную пошту, якая патрабуе тэрміновай адпраўкі адрасатам неабходных даных, запатрабаваных службамі для абслугоўвання грамадзян па прынцыпу “аднаго акна”. Многія, асабліва маладыя сем’і, прыходзяць за даведкамі аб наяўнасці або адсутнасці жылля – для пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. А на чарзе – паездка па населеных пунктах раёна і правядзенне работ па тэхнічнай інвентарызацыі пабудоў.

У гэтай службы няма  свайго аўтатранспарту. Вось чаму, калі заяўнік забяспечвае транспартам выезд спецыяліста на аб’ект, удвая зніжаецца сума аплаты.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *