Чалавек супраць вогненнай стыхіі. 25 ліпеня — Дзень пажарнай службы /фота/

Ён расказвае вельмі шчыра і пераканаўча:
– З дзяцінства жадаў стаць вайскоўцам, загартоўваўся, займаўся лёгкай атлетыкай. У 9 класе да нас у школу прыйшоў Андрэй Жураўскі, у той час намеснік начальніка РАНС, запрасіў паехаць на спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце. Так пачалася мая гісторыя. Вучыўся ў камандна-інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь, пасля працаваў у Івацэвічах. А потым на маёй малой радзіме ў Ляхавічах вызвалілася месца начальніка каравула, я вырашыў паспрабаваць. Зараз на пасадзе намесніка начальніка аддзела.  Гэта гісторыя Сяргея Новіка, які нясе службу ў Ляхавіцкім РАНС. У кожнага работніка выратавальнай службы свой сюжэт, асаблівы і непаўторны.
Нашы эмэнэснікі гатовы да любой надзвычайнай сітуацыі не толькі дзякуючы мужнаму і адважнаму характару, але і новаму шматфункцыянальнаму абсталяванню, надзейнай тэхніцы. Калі раней стары ЗІЛ мог перавозіць 2,5 тоны вады, то новыя машыны – 10-15 тон. Гэта значыць, што адзін замяняе чатыры старых аўтамабілі. Вось такі   ”навічок” адправіўся на пост у вёску Ліпск.
У раёне на варце 4 выратавальныя пасты: у Ліпску, Шчэрбаве, Тальмінавічах, Падлессі. На іх заўсёды дзяжураць  двое – камандзір аддзялення і вадзіцель, у той час як у    РАНС – 6 чалавек. Усе званкі паступаюць дыспетчару ў раённы цэнтр аператыўнага кіравання. Іх нямала і самых розных.
Самым запамінальным выклікам, напрыклад, для Сяргея Новіка стаў выезд на пажар у інтэрнаце Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа восенню 2014 года. Інцыдэнт адбыўся ў 4 раніцы, усе жыльцы інтэрната, вядома  ж, спалі і не збіраліся прачынацца. Калідоры былі ў дыме і чадзе. Чатыром выратавальнікам удалося эвакуіраваць рабят. Аднак аказалася, што паверхам вышэй яшчэ пяцёра не могуць самастойна пакінуць інтэрнат. Сяргей і ім дапамог. На шчасце, абышлося без ахвяраў.
Экскурсія па аддзеле ўразіла: пункт запраўкі, навучальны клас, дзе праходзяць тэарэтычныя заняткі, кухня, на якой байцы падсілкоўваюцца, пакой для адпачынку, пост ТА, дзе рамантуюцца машыны, спартгарадок (там кожны дзень праходзіць зарадка), фізкультурна-аздараўленчы двухпавярховы комплекс (на першым паверсе лазня, на другім – трэнажорная зала), інспекцыя нагляду і прафілактыкі, палігон (на ім двойчы на месяц з работнікамі праводзяцца практычныя заняткі ў апаратах на сціснутым паветры), па чацвяргах гуляюць у футбол на спецыяльным полі. Расклад у РАНС строга выконваюць.
Па слядах свайго бацькі    Аляксандра Баўтрукевіча вырашыў пайсці яго сын Павел, які цяпер вучыцца ў Гомельскім інжынерным інстытуце МНС. Поплеч працуюць два браты Янушкевічы – Дзмітрый і Віктар. Як бачым, выратавальная служба бывае сямейнай справай. Увогуле, у РАНС калектыў надзейны і высокапрафесійны.
У календары два дні прысвечаны работнікам МНС: 19 студзеня – Дзень выратавальніка і 25 ліпеня – Дзень пажарнай службы. Як жа многа робяць людзі гэтай мужнай прафесіі, каб надзвычайных сітуацый станавілася менш. Рызыкуючы ўласным жыццём, яны ратуюць іншых. Дарэчы, сёлета ў раёне адбылося 11 пажараў, летась за гэты ж перыяд  было 18. Станоўчая дынаміка – гэта тое, да чаго імкнецца наш РАНС. Тут службу нясуць адказныя, рашучыя, моцныя і паважаныя людзі, сапраўдныя мужчыны. Ад іх, як і ад медыцынскіх работнікаў, часам залежыць наша жыццё. Што можа быць важней? Дарэчы, партрэт камандзіра аддзялення пажарна-аварыйнай выратавальнай часці № 1 г. Ляхавічы Юрыя Смаршчка сёлета змешчаны на раённай Галерэі славы. Такі выразны штрых да агульнага партрэта РАНС.
Прымайце віншаванні, прадстаўнікі мужнай прафесіі – пажарныя!
Ірына ШЛОЙДА,
студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Пушкіна.
Фота аўтара.

Дзяжурная змена: Дзмітрый Янушкевіч, Мікалай Страмавус, Іван Кулак і Андрэй Крываруцкі.

Намеснік начальніка РАНС Сяргей Новік.

Практычныя заняткі

One thought on “Чалавек супраць вогненнай стыхіі. 25 ліпеня — Дзень пажарнай службы /фота/

  • 22/07/2016 в 20:13
    Permalink

    Достойная профессия! И люди на фото достойные! Успехов в работе и «сухих рукавов»!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *