Кодавае слова – «Чайка» /фота/

Гімназістам з Польшчы ў ляхавіцкім летніку падабаецца.

Трэцюю змену ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Чайка”, што ўрачыста адкрылася ў мінулы чацвер, па праве можна назваць міжнароднай – сюды прыехалі набрацца сіл, знайсці новых сяброў  рабяты   з Рэспублікі Польшча. Як жа іх чакалі нашы “чайкаўцы”! Рыхтаваліся, прыбіраліся, прыдумвалі сумесныя забавы. Калі ноччу замежныя госці прыбылі, нават малодшых не ўтрымаць было ў корпусе.

Цёплыя дружалюбныя адносіны паміж польскім горадам Людвінам і беларускімі Ляхавічамі паступова ўмацоўваюцца і развіваюцца. У мінулым годзе нашы юныя землякі прымалі ўдзел у міжнародным турніры па футболе, адпачывалі ў лагеры ў Польшчы. Сёлета гасціннасць дэманструе Ляхавіччына.

Аздараўліваюцца рабяты весела, займальна, пазнавальна. Летнік заўсёды магнітам прыцягвае школьнікаў, бо тут ведаюць іх самыя патаемныя жаданні. “Чайкаўскае” жыццё цалкам падпарадкавана інтарэсам дзяцей, іх зручнасці і бяспецы. У мінулым годзе тут былі рэканструяваны туалеты, душавыя, у пакоі для мыцця бялізны ўстаноўлена новае абсталяванне. Сёлета ў карпусах заменены вокны, дзверы, замест занавесак – жалюзі.

Калі раней водныя працэдуры не заўсёды былі даступны рабятам, то сёлета – калі ласка да вады, якая адпавядае ўсім санітарным нормам. А каманда выхавальнікаў і важатых пільна сочыць за адпачываючымі. Недалёка сваю службу нясе супрацоўнік РАУС, здароўе дзяцей у кампетэнцыі ўрача Вольгі Грыцкевіч. Повары з СШ №1 гатуюць па-дамашняму смачна.

…У лясным паветры рэхам разносяцца звонкія галасы – на полі разам ганяюць мяч ляхавічане і госці з Людвіна. Моўныя бар’еры сціраюцца сумеснымі справамі і інтарэсамі. Недалёка чародка дзяўчынак абступіла замежных сяброў і адразу на беларускай , англійскай, рускай мовах, жэстамі вядуць размову. Пра ўсё – вучобу, распарадак дня, хобі, спорт і многае іншае. А “Чайка”, бы кодавае слова, гучыць выразна і зразумела для ўсіх.

– Назва змены “Мы – разам”, – расказвае старшы выхавальнік Таццяна Абражэвіч, – гаворыць сама за сябе: нягледзячы на адрозненні культуры, мовы нам цікава разам. Кожны дзень тэматычны, насычаны падзеямі, сустрэчамі. Дзень сюрпрызаў, добрых спраў, вялікіх майстроў і г.д. – ніхто ў нас не сумуе. Для гасцей падрыхтавана праграма знаёмства з цікавымі мясцінамі нашага раёна, краіны.

– У вас добрыя, гасцінныя, шчырыя людзі… Прыгожыя мясціны… Жыццё, здаецца, цячэ павольна і размерана. У “Чайцы” так добра! Чыстае паветра, сяброўская атмасфера… – гэта не ўсе ўражанні ад убачанага і выказванні польскіх рабят і іх выхавальнікаў.

На ўрачыстым адрыцці лагернай змены хлопчыкаў і дзяўчынак вітала намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень. Яна пажадала ўсім цікава правесці час і пасябраваць. А далей былі канцэрт і дыскатэка ў летнікаўскім амфітэатры. Гучалі песні, танцы і вершы, якія ўмацоўвалі знаёмства, аб’ядноўвалі і скарачалі адлегласці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Кодавае слова – «Чайка» /фота/

  • 02/08/2016 в 23:58
    Permalink

    Такую смену ребята будут долго вспоминать. Завести друзей из другой страны — это ж так здорово!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *