Чарка на пасашок?

Некаторыя людзі не бачаць нічога дрэннага ў тым, што ўжываюць алкаголь вечарам, у выхадныя дні або ў святы. Не ва ўсіх ёсць пачуццё меры, сіла волі. І бяскрыўднае, на першы погляд, захапленне пераходзіць у шкодную звычку.

Алкаголь — прычына многіх хвароб, недысцыплінаванасці, загубленых талентаў, бессэнсоўных канфліктаў і беднасці. Цяжка знайсці большае зло, чым алкаголь, якое б так каварна і бязлітасна падрывала здароўе мільёнаў людзей, так рэзка парушала  ўсе тканкі і органы чалавека  (асабліва кару галаўнога мозгу), розум і асобу, прыводзячы да ранняй смерці.

Алкаголь шкодны ва ўсіх відах і ў любой дозе для арганізма чалавека, бо ён дзейнічае як наркотык. Гэта значыць утварае ілюзію дабра і шчасця, наносячы непапраўную шкоду, як і любы іншы яд. Каварства яго надзвычайнае: цяжкія наступствы ад шкоды алкаголю праяўляюцца не адразу, а паступова, непрыкметна.

Па віне алкаголю адбываецца 50 працэнтаў аварый, трэцяя  частка ўсіх самагубстваў, 80 працэнтаў смярцей ад рака поласці рота і стрававода. І гэта яшчэ не   ўсё.

У выніку даследаванняў, праведзеных з выкарыстаннем навейшай тэхналогіі, аўстралійскія вучоныя прыйшлі да высновы, што і сярод алкаголікаў і сярод умерана ўжываючых назіраецца паступовае змяншэнне і ўсыханне мозгу. Шклянка спіртнога губіць у нашым мозгу 1000-2000 клетак. Гэтыя даныя пацвердзіліся ў 95 працэнтаў  алкаголікаў і 85 — умерана ўжываючых. Даследаванні даказалі, што верагоднасць нарадзіць здаровае дзіцё ў тых, хто п’е ў 15 разоў меншая, чым у тых, хто не п’е. Смяротнасць такіх малышоў у 5 разоў вышэйшая, а захворваемасць — у 3,5 раза. Алкаголь паражае дзяцей яшчэ да іх нараджэння. Нават у сем’ях, дзе ўмерана п’юць  спіртное, дзеці нараджаюцца з замаруджаным развіццём, разумова недаразвітымі. Бацькі, якія п’юць, — самыя страшныя зладзеі, якія крадуць у сваіх жа дзяцей шчасце будучых адкрыццяў, шчасце жыць паўнацэнным жыццём, сцвярджаў знакаміты ўрач Фёдар Углоў.

Згодна  даных Сусветнай арганізацыі здороўя, кожны трэці на зямлі гіне ад прычын, звязаных з ужываннем алкаголю.

Запэўніванне некаторых заядлых п’яніц, што, маўляў, выпіўшы, яны адчуваюць аблягчэнне, ёсць чысцейшы самападман, выкліканы паралічом цэнтраў увагі і самакантролю. Чалавек ад прыёму любой дозы алкаголю ўпадае ў стан эйфарыі, і яму ўсё, нават яго ўласная хвароба, уяўляецца ў ружовым колеры. На самай справе прыём алкаголю ў любой колькасці толькі ўзмацняе працэс і наносіць шкоду чалавеку.

Па статыстыцы людзі, якія п’юць, жывуць у сярэднім на 10-15 гадоў менш.

Калі каротка адказваць на пытанне, чаму людзі п’юць, трэба сказаць: п’юць таму, што гэта наркотык, які шырока рэкламуецца і свабодна прадаецца.

Прыроджанай патрэбнасці піць піва, віно, гарэлку ў чалавека няма. Калі б не было на свеце алкагольных вырабаў і традыцый іх піць,  можна было б спакойна жыць і не наносіць шкоды свайму арганізму і блізкім.

Для свядомага выбару “піць або не піць” трэба самому ведаць як уплывае алкаголь на наш арганізм. “Рэкламшчыкі” могуць прыдумаць любыя легенды аб карысці алкаголю. Каб не аказацца падманутымі, трэба самім мець аб’ектыўную інфармацыю і вучыцца супрацьдзейнічаць рэкламе.

У  сілах кожнага пазбавіцца ад шкоднай залежнасці, стаць свабодным і шчаслівым!

Марына ЗАВАДСКАЯ,  сацыёлаг

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *