Справа гонару

На Ляхавіцкім-Камсамольскім участку для галасавання № 37.

Выбарчая кампанія выйшла на  фінішную прамую.  11 верасня, – асноўны дзень галасавання.   Як удзельнічаюць у парламенцкіх выбарах, што чакаюць ад іх жыхары раёна – тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Таццяна ПЕТУХ,

старшыня ўчастковай выбарчай камісіі:


– Ляхавіцкі-Камсамольскі ўчастак для галасавння № 37

адзін з самых вялікіх у раёне. У яго спісе 1872 выбаршчыкі. Відавочная актыўная пазіцыя нашых землякоў, у тым ліку – і па ўдзеле ў датэрміновым галасаванні: з аўторка па чацвер гэтай магчымасцю скарысталіся 285 чалавек. Першым з прыйшоўшых на выбарчы ўчастак былі ўручаны сувеніры. Падарункі чакаюць і трох маладых выбаршчыкаў участка, якія ўпершыню атрымалі права голасу.

З 10 членаў нашай камісіі толькі адзін навічок. Мы аператыўна ўдакладнілі спісы выбаршчыкаў, запрасілі іх прыняць удзел у галасаванні. Для камісіі асноўная задача – правесці выбары ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам.

Людміла БАРОДКА,  загадчыца ясляў-сада № 1 г. Ляхавічы:

Лічу, што кожны выбаршчык абавязаны выказаць сваё волевыяўленне. Гэта справа гонару. Я прагаласавала ў першы дзень датэрміновага галасавання. Пазнаёмілася папярэдне з праграмамі ўсіх кандыдатаў, а выбар спыніла на прэтэндэнце, які, упэўнена, у парламенце зможа дастойна прадстаўляць інтарэсы ляхавічан. Ён адукаваны чалавек, валодае сітуацыяй, кампетэнтны, вопытны і, мяркуючы па перадвыбарнай агітацыі, неабыякавы і дзелавы. На выбар паўплывала і тое, што кандыдат значную ўвагу акцэнтуе на пытаннях развіцця і ўдасканалення адукацыі.

Наталля ІСАХАНАВА,  загадчыца аддзялення   ТЦСАН:

– У першы дзень датэрміновага галасавання разам з мужам прыйшлі ў гімназію, дзе знаходзіцца Ляхавіцкі-Інтэрнацыянальны ўчастак №40, і прагаласавалі. Наш выбар супаў. Жадаю, каб і далей у нашай краіне былі мір, спакой, стабільнасць, а ў парламент прыйшлі дастойныя людзі, кампетэнтныя, у тым ліку ў сацыяльных пытаннях. Думаю, што чалавек, за якога я прагаласавала, адпавядае гэтым патрабаванням.

Толькі адным галасаваннем мой удзел у выбарчай кампаніі не абмежаваўся. Разам з аднадумцамі з грамадскага аб’яднання “Белая Русь” праводзіла пікет ў падтрымку свайго кандыдата. Хачу адзначыць свядомасць землякоў: падыходзілі, цікавіліся праграмай прэтэндэнта на месца ў парламенце.

Марыя БІЗА, пенсіянерка:

– Я выбаршчык з вялікім стажам. Ведаю, што ёсць датэрміновае галасаванне, але пайду на свой участак менавіта 11 верасня – у асноўны дзень. Так рабіла заўжды і не хачу гэту традыцыю парушаць. Цвёрда ўпэўнена, што мой голас, як і кожны іншы, важны. Сачыла за перадвыбарнай агітацыяй, бачыла выступленні кандыдатаў па тэлебачанні. Каму аддаць мой голас, вызначылася даўно. Мой кандыдат – чалавек дастойны, сваёй сумленнай і плённай работай даказаў права быць народным абраннікам.

Запісала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *