СВК “Ліпнянка” на шляху перамен

Прыдумаў нехта выраз — “чалавечы фактар”. На справе гэта ўсяго і значыць, што сабраўся калектыў аднадумцаў, якія паставілі перад сабой мэту і настойліва пракладваюць да яе шлях. Я пра даярак і жывёлаводаў СВК ”Ліпнянка”. Яшчэ нядаўна ў вёсцы гаварылі, што няма каму даіць кароў, дысцыпліна сярод даярак “кульгае”, нікога, маўляў, не клапоцяць надоі і парадак на фермах. А вось знайшліся такія, узяліся “за гуж”…
Найперш абгаварылі са старшынёй СВК Уладзімірам Варвашэвічам умовы аплаты працы. І пачулі, што пакрыўджанымі не застануцца, калі ўдала наладзіцца справа: зарплата пастаўлена ў прамую залежнасць ад колькасці і якасці атрымліваемай прадукцыі. Збалансавалі рацыёны кармлення жывёл, сталі рэгулярна выдаваць канцэнтраты, у асноўным – камбікорм.

Старшыня СВК «Ліпнянка» Уладзімір Варвашэвіч.

Хоць кармоў назапашана дастаткова (24,2 цэнтнера кармавой адзінкі на кожную ўмоўную галаву), транжырыць запасы забараняецца – зіма лютуе і, напэўна ж, ранняга выхаду на пашу не будзе. Як толькі ў ветслужбы ўзнікае сумненне наконт здароўя жывёлы, малако доіцца ў асобную ёмістасць. Пад кантролем мыццё малакаправода і санітарны стан памяшканняў і жывёл. Адначасова пачалася рэканструкцыя пустуючых памяшканняў. У Залужжы правялі капрамонт і паставілі там на адкорм 300 галоў цялушак, прызначаных для аднаўлення статка. Другое пустуючае памяшканне неўзабаве таксама будзе гатова прыняць прыкладна такое ж пагалоўе. Усяго да канца года ў планах мець 1720 галоў буйной рагатай жывёлы. Малочнатаварная ферма з адноўленымі бытавымі памяшканнямі з’явілася і ў Ліпску.
Добрыя перамены не вымусілі доўга чакаць адпаведных вынікаў: валавы надой склаў 2263 тоны малака, прагнозныя паказчыкі выкананы на 114,4 працэнта. На кожную карову надоена 3856 кілаграмаў малака, прыбавілася па 324 кілаграмы. У дойны статак уведзена 30 першацёлак.

Усе даходы і расходы на строгім уліку: галоўны бухгалтар Вера Дыдышка, намеснік галоўнага бухгалтара Галіна Супрыновіч, бухгалтар-касір Любоў Навікевіч, бухгалтар Васіліна Гатоўчыц, галоўны эканаміст Ала Калядзіч, сакратар Ірына Чаранкевіч.

У сярэднім амаль на 100 грамаў больш у суткі як у 2008 годзе пачалі прыбываць жывёлы, і сярэднясутачныя прывагі кожнай галавы склалі 500 грамаў. А калі падлічылі валавыя прывагі БРЖ і параўналі іх з годам папярэднім, то атрымалася, што яны павялічыліся на 49 тон. Летась прададзена мяса 111 тон, у 2008 годзе – 67 тон. Можна прыводзіць і іншыя паралелі, якія красамоўна гавораць пра тое, што ў “Ліпнянцы” абстаноўка стабілізуецца: растуць вытворчыя паказчыкі, задаволенымі застаюцца і работнікі. Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве стала гучаць імя дояра-перадавіка Алега Чарэдніка. За-служана: летась ён задаваў тон у працы ўсяму калектыву жывёлаводаў, надаіў 222 тоны малака — па 4367 кілаграмаў ад кожнай каровы. Яго пакуль не дагнала нават даярка Наталля Дыдышка: 4179 кілаграмаў малака ад каровы — вынік яе працы. Выдатнымі даглядчыкамі лічацца ў гаспадарцы Сяргей Івановіч, які дабіўся сярэднясутачных прываг 567 грамаў, Анатолій Бабенка – на 529 грамаў у суткі прыбываюць яго падапечныя цяляты. Стараюцца і свяціцкія даглядчыцы Надзея Курловіч і Ларыса Курловіч.

Загадчык мехмайстэрні Іван Салодкі, майстар-наладчык Віталій Калядзіч, механік Канстанцін Малевіч.

Старшыня СВК Уладзімір Варвашэвіч гатовы быў яшчэ і яшчэ называць імёны сваіх працаўнікоў, якія, можна сказаць, праз многа гадоў заняпаду прынеслі гаспадарцы станоўчыя дывідэнды. Прычым, не толькі у жывёлагадоўлі. Ад дзейнасці раслінаводчай га-ліны летась таксама атрымалі добрую выручку. З кожнага гектара сабралі па 31,4 цэнтнера зерня, а валавы намалот склаў 3575 тон. Добра ўрадзілі трыцікале, азімае жыта, ячмень, авёс. І тут цалкам заслуга агранамічнай службы і механізатараў, якія з ранку да вечара шчыравалі на палетках. А падчас уборачнай кампаніі вызначыўся лепшы экіпаж камбайнераў — загадчыка мехмайстэрні Івана Салодкага і яго сына — студэнта БАТУ Аляксандра. Выдатна працавалі Мікалай Лапіч, Канстанцін Малевіч, Сяргей Гачко, Васілій Гачко, Міхаіл Гапановіч, Сяргей Дзямід. Цэлымі днямі хадзілі па адным маршруце “поле–зерняток” вадзіцелі Мікалай Мартынкоўскі, Валянцін Гатоўчыц, Уладзімір Памазанскі, Аляксандр Вялічка.
Дарэчы, сёлета механізатары сельгаскааператыва маюць намер прыкласці яшчэ больш старанняў і намаганняў.

Сярод перадавікоў шафёры Канстанцін Невяроўскі, Генадзій Івановіч, Канстанцін Герасімовіч.

У гэтыя марозныя дні яны чаруюць над тэхнікай, якая выйдзе вясной на палі. Працаваць ім камфортна, цёпла, таму і справы ладзяцца. Мехмайстэрня выдатна адрамантавана, ёсць бытавыя пакоі, душ, аформлены клас па тэхніцы бяспекі. Ходам падрыхтоўкі тэхнікі задаволены галоўны інжынер Сяргей Гранік, які пасля заканчэння ВНУ прыехаў сюды на працу. Гэта ўжо пры яго ўдзеле мехдвор гаспадаркі заняў 2-е месца па выніках раённага агляду-конкурсу. Прыбаўляе ўпэўненасці механізатарам і тое, што абнаўляецца машынна-трактарны парк гаспадаркі. Сёлета яны выведуць у поле новенькі трактар МТЗ 3022 з поўным наборам прычапных глебаапрацоўчых і пасяўных прылад. Летась набылі трактар МТЗ 2822 таксама ў поўным камплекце. На мехдвары свой “Амкадор”, 3 камбайны КЗС-10 К, ёсць 2 кормараздатчыкі “Хозяин”, прычэпы, плугі і г.д. Частка тэхнікі набытая па лізінгу, але многае куплена і за свае сродкі. Па меры магчымасці новая тэхніка будзе прыбываць. Летась выручка за сельгаспрадукцыю склала 3 мільярды 357 мільёнаў рублёў – на 266 мільёнаў больш, чым у 2008 годзе. Напэўна ж, нейкая сума будзе выдзелена і на папаўненне машынна-трактарнага парка.

Майстры высокіх надояў і прываг: загадчык фермы Аляксандр Бурбіцкі, яго памочнік Святлана Бурчыц, даглядчыкі Сяргей Шчарбук, Сяргей Буйко, Дзмітрый Дыдышка.

Аднак, вернемся да так званага чалавечага фактара. Калі створаны ўмовы для працы, то павінны людзі і паўнацэнна адпачываць, мець магчымасць атрымаць тыя ці іншыя бытавыя паслугі, вучыць дзяцей, развіваць іх таленты і г.д. На тэрыторыі СВК “Ліпнянка” і ў аграгарадку Ліпскім усё так і ёсць. Да паслуг людзей урачэбная амбулаторыя, ФАП у Свяціцы, 2 бальніцы ў Крывошыне, 3 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, дзіцячыя садкі, населеныя пункты забяспечаны паштовай і тэлефоннай сувяззю, ёсць аддзяленні ”Беларусбанка”, комплексныя прыёмныя пункты… За апошнія гады было пабудавана шмат катэджаў для працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, і чаргі на атрыманне жылля больш няма. На наступны год запланавана ўзвядзенне 5-ці катэджаў. І найпершымі прэтэндэнтамі на іх будуць маладыя спецыялісты, якіх чакаюць у гаспадарцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *