400 усмешак лета

Малыя алімпійскія гульні аб’яўляюцца адкрыты-мі! –  Гучыць спартыўны марш, на пляцоўцы  выстраены  каманды, уносіцца “алімпійскі” факел, трапеча на ветры сцяг спаборніцтваў – усё, як і павінна быць, урачыста, святочна, з запалам. Толькі што яны былі членамі атрадаў “Рабінзоны”, “Рамонкі”, “Начны дазор”, “220 вольт”, а цяпер сталі алімпійцамі, якім праз хвіліну-другую спаборнічаць у кросе, скачках, кіданні мяча ў карзіну, “высвятляць адносіны” ў футболе, валейболе, настольным тэнісе… Яны – гэта юныя жыхары раёна, што ў час летніх школьных канікулаў сабраліся на тэрыторыі асаблівай любві і клопату па адрасе, згадванне якога вы-клікае захапленне і ў дзяўчынак і хлопчыкаў, і ў іх бацькоў.

Не пазначаная на геаграфічных картах маленькая краіна з прыгожай назвай “Чайка” ўтульна размясцілася каля вёскі Галаўнінцы ў  маляўнічым куточку Ляхавіцкага раёна. Яна займае ўсяго чатыры гектары, на якіх у акружэнні амаль карабельных соснаў і кучаравых бяроз жыццярадасна зіхацяць чыстымі вокнамі дагледжаныя карпусы дзіцячага летняга аздараўленчага лагера аддзела адукацыі   райвыканкама. Клімат  у “Чайцы” асаблівы, незалежны ад надвор’я – тут заўсёды цёпла і светла ад жыццярадаснасці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адпачываюць у лагеры, і ад клапатлівай любві да іх дарослых, якія гэты адпачынак арганізуюць. Змена – гэта 100 рабят і 39 работнікаў “Чайкі”: педагогаў, выхавацеляў, важатых, фізрукоў, медыкаў, павароў. У першых задача адпачыць перад новым навучальным годам, набрацца сіл, загартавацца, цікава і весела правесці час, пазнаёміцца са сваімі равеснікамі, пабываць на маршрутах пазнання дабра, запасціся добрым настроем. Ва ўсім гэтым ненавязліва, але  з веданнем справы, сардэчна, але вельмі адказна, дапамагае дзятве калектыў “Чайкі”.

Начальнік аздараўленчага лагера  выдатны педагог Надзея Пятроўна Патапчык – фанат “Чайкі”. Кожную са “сваіх” сарака сямі змен памятае ў асобах – дзяцей, многія з якіх ні адно лета праводзілі пад яе крылом, калег, з кім рэжысуецца свята для заўсёды дапытлівай непасрэднай вясёлай дзетвары.

—        Што могуць умясціць васямнаццаць дзён змены? І могуць, і павінны стаць для рабят паўнацэнным адпачынкам і па форме, і па змесце. Для гэтага ў нашым лагеры ёсць усё неабходнае: выдатная база і цудоўны калектыў, які клопат пра дзяцей трансфармуе ў штодзённыя захапляльныя справы. І самыя маленькія з тых, хто адпачывае, – шасцігодкі, і самыя дарослыя – дзесяцікласнікі едуць ад нас паздаравелымі, загарэлымі, адпачнуўшымі з адрасамі новых сяброў у запісных кніжках і з радасцю ад сустрэч, убачанага, зробленага за змену. – Надзея Пятроўна расказвае пра тое, што цікавіць дзяцей, як арганізавана ў лагеры аздараўленне, падкрэслівае, што каэфіцыент карыснага дзеяння любога мерапрыемства ўключае ў сябе выхаваўчы эфект. Рабяты адчуваюць сябе не проста адпачываючымі на прыродзе, а юнымі грамадзянамі краіны, якія ідуць па сцежках, едуць па маршрутах гістарычных, праходзяць урок стваральнага сёння.

Паездкі ў Нясвіж і Гродна, Брэст і Мінск, Хатынь і Мір, Баранавічы і Віцебск для рабят з “Чайкі” сталі  добрай магчымасцю пазнаёміцца з любімай Беларуссю паўней і бліжэй,          яшчэ мацней  больш натхнёна палюбіць яе. У час адной  з іх – на Славянскі базар у Віцебску – сустракаліся і размаўлялі з Дзяржаўным  сакратаром Саюзнай дзяр-жавы Паўлам Паўлавічам Барадзіным, цікавіліся тым, як жывуць і адпачываюць іх          расійскія равеснікі, з захапленнем расказвалі пра свой летнік.

Хлопчыкам і дзяўчынкам, а таксама іх бацькам  сапраўды ёсць за што быць удзячнымі “Чайцы”. І не толькі ёй. Што галоўнае для дзяцей? Насычаны цікавымі справамі, падзеямі, сустрэчамі кожны дзень. Гэтага тут з лішкам. Віктарыны і дыспуты, спартыўныя спаборніцтвы і паходы, дыскатэкі ў крытай альтанцы і кастры дружбы, размовы па душах з важатымі і выхавацелямі, конкурсы малюнкаў і мастацкай самадзейнасці – хіба ўсё пералічыш! А яшчэ ёсць возера і пляж, ранішняя зарадка і смачныя абеды (харчаванне пяціразовае), бацькоўскія дні і турпаходы, а таксама пастаянны медыцынскі кантроль. У выніку атрымліваецца тое, што трэба: румяныя шчочкі, амаль  паўднёвы загар, бліскучыя ад радасці вочы, выдатны апетыт, добрая загартоўка, якая дазволіць зімой радзей прастуджвацца.

Што галоўнае для бацькоў? Вось усё гэта і галоўнае – здаровыя вясёлыя дзеці, якія праводзяць лета пад наглядам дарослых, побач з імі, разам з імі. Задавальняе тат і мам і цана пытання: пуцёўка каштуе 600 тысяч рублёў, але бацькі плацяць толькі 10 працэнтаў ад гэтай сумы. Згадзіцеся, вельмі пад’ёмна для любой сям’і. 310 тысяч рублёў  у кошце кожнай пуцёўкі складае датацыя дзяржавы, астатняя сума кладзецца на плечы прадпрыемстваў, дзе працуюць бацькі. А ўсяго за лета ў летнім лагеры за чатыры змены паспяваюць аздаравіцца і адпачыць 400 рабят.

Іменна дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, падкрэслівае начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч, “Чайка” сёння, у свае дваццаць пяць гадоў, вельмі аптымістычная, вельмі сімпатычная і такая ж камфортная. За пяць гадоў з таго часу, як яна перададзена на баланс аддзела адукацыі, у рамонт, рэканструкцыю, пакупку новай мэблі і абсталявання  ўкладзена каля 300 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту.

Пра гэтую маленькую, гасцінную і такую жаданую краіну дзяцінства ляхавіцкія рабяты мараць і восенню, і зімой. Шасцікласнік Дзіма пасля змены не хаваў шкадавання:

— Я ўжо сумую па лагеры, па сваім выхавацелю, па новых сябрах, з якімі тут пазнаёміўся. Хутчэй бы наступіла лета, хутчэй бы зноў прыехаць сюды!

Сказана гэта было ў сярэдзіне ліпеня ў разгар лета цяперашняга. Красамоўна, ці не праўда?

На працягу апошняй змены ў “Чайцы” праводзілася сюжэтна-ролевая гульня. (Пра гэта наша раёнка пісала ў адным з ліпеньскіх нумароў).

— Усе разам яны шукалі чароўны куфэрак ”са скарбам”. А ў час пошукаў было мноства конкурсаў, віктарын, спаборніцтваў, інтэлектуальных марафонаў, дзеці атрымлівалі спецыяльныя бонусы і імправізаваныя часткі карты, якая дапаможа ім знайсці скарб. Засталося зусім крыху, і галоўная тайна “скарбніцы талентаў” будзе адкрыта. Але ўжо сёння дзяўчынкі і хлопчыкі ведаюць, што галоўным багаццем па-за модай і часам з’яўляюцца дружба, шчырасць, узаемаразуменне, дабрыня, актыўнасць і творчасць”, — расказала старшы выхавальнік змены Вольга Прыхач.

Вось гэта і імкнуліся даказаць Надзея Пятроўна Патапчык і яе калегі.

…На досвітку лагер прачынаецца ад шчабятання птушак і ад бачнага дакранання сонечных праменьчыкаў, якія пранікаюць скрозь шторы ў спальні рабят, казычуць ім твары: хопіць спаць, хутчэй уставайце, у вас госця! Вельмі часта белакрылая чайка кружыць над возерам маленькай чароўнай краіны, апускаецца да вады і зноў узлятае ўвысь. Надзея Пятроўна Патапчык упэўнена, што гэта не выпадкова, а па логіцы рэчаў: чайка прылятае ў “Чайку”, пад крыламі якой бясконца радасна і здорава хлопчыкам і дзяўчынкам у іх любімым летніку.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *