Сумаваць забараняецца, ці Як заставацца маладым

Зноў восень. Рознай яна бывае: хмурай і злой, з зацяжнымі дажджамі і халадамі. А можа быць радаснай, калі бачым залаціста-пурпурную панараму паркаў, сквераў і лясных масіваў у яркіх сонечных промнях. Так і ў людзей – у кожнага свая восень.
Усе, хто выйшаў на пенсію, па-свойму збіраюць “ураджай”, падбіваюць “баланс” дасягнутага за пражытыя гады, з надзеяй заглядаюць у будучыню. Жыццё чалавека з дасягненнем пенсійнага ўзросту не заканчваецца. Не дарэмна называюць гэты перыяд заслужаным адпачынкам.
Дарэчы, адпачынак бывае актыўным. Гэта не толькі заняткі з унукамі або дачна-агародныя клопаты, чытанне, але і сустрэчы з сябрамі ў клубах і гуртках па інтарэсах, заняткі творчасцю і фізічнай культурай, удзел у мастацкай самадзейнасці, экскурсіі або проста прагулкі ў лес ці ў парк і многае іншае, што не дае пажылому чалавеку змарнець у адзіноце.
Актыўнае жыццё вядуць нашы ветэраны ў клубах “Сівізна”, “Залаты ўзрост” і “Аптыміст”. Ветэраны актыўна ўдзельнічаюць у тэматычных мерапрыемствах, канферэнцыях чытачоў, ез-дзяць на экскурсіі па краіне. У працоўных калектывах раёна і па месцы жыхарства створаны 34 пярвічныя ветэранскія арганізацыі. Цікавымі справамі вызначаюцца яны па многіх адрасах: у педагагічных работнікаў, работнікаў фізічнай культуры, спорту і турызму, у калектывах ветэранаў Начаўскага, Крывошынскага, Жарабковіцкага сельсаветаў, каледжа і іншых. Шчодра дзеляцца сваімі творчымі набыткамі мясцовыя паэты Валянціна Пабягайла, Вера Дыдышка, Фёдар Лапанік.
У спорткомплексе “Колас” часта можна сустрэць вялікага энтузіяста здаровага ладу жыцця педагога-ветэрана Івана Купрыка, які  застаецца па-ранейшаму падцягнутым, нераўнадушным і жыццярадасным. Кожны пажылы чалавек можа знайсці сабе пры жаданні занятак для душы.
Жыццё нельга павярнуць назад, але чалавеку па сілах зрабіць яго змястоўным і разнастайным у любым узросце. Няхай кожны дзень прыносіць нашым шаноўным ветэранам маральнае і фізічнае задавальненне, а ў дамах пануюць лад і дастатак.
Мікалай ЮРУЦЬ,
старшыня раённага
савета ветэранаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *