У саюзе з творчасцю. Канцэрт і віншаванні з нагоды Дня работнікаў культуры ў Ляхавічах /фота/
Нераўнадушныя, таленавітыя, крэатыўныя, улюбёныя ў сваю справу, нашы работнікі культуры ў мінулую пятніцу адзначалі ў ГДК прафесійнае свята. Яны працуюць, калі іншыя адпачываюць, а рэпетыцыі займаюць і час за межамі рабочага. Яны упрыгожваюць, напаўняюць кожную святочную падзею асаблівым шармам, дораць землякам радасць і добры настрой.
Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч павіншаваў культработнікаў і ўручыў самым актыўным і творчым граматы, падзякі райвыканкама і райсавета.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец адрасаваў калегам пажаданні новых творчых здабыткаў, а ўзнагароды ад райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ўручыла яго старшыня Святлана Сталярчук.
Канешне, быў і канцэрт, пра які хочацца сказаць: супер! Атрымалася ярка і весела і ў той жа час надзвычай лёгка і па-дамашняму, калі кожны імкнуўся перадаць свае пачуцці блізкім людзям і калегам. Тым больш, што сфера культуры можа пахваліцца не адной сямейнай дынастыяй.
Сёлета восем маладых спецыялістаў уліліся ў рады культработнікаў раё-на. Для іх удзел ва ўрачыстасці стаў своеасаблівым прысвячэннем у прафесію.
Ушаноўваліся ў гэты дзень і тыя, хто, хоць і на заслужаным адпачынку, але сэрцам заўсёды з калегамі. Узрушаныя і ўсхваляваныя святочным прыёмам, яны выйшлі на сцэну і гаварылі пра радасць адчуваць саўдзел і дачыненне да прафесійнага свята.
…А на наступны дзень і ў нас- тупны ж вечар работнікі культуры ўзяліся за штодзённыя клопаты. Каб ствараць, натхняць і ўражваць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.