Нашчадкі герояў памятаюць

Прэзідыум раённай ветэранскай арганізацыі пад старшынствам Генрыха Траццяка за-планаваў выязное пасяджэнне ў Крывошынскім сельсавеце нездарма. Тэма для размовы –              патрыятычнае выхаванне моладзі. Мясцовыя людзі  не па расказах ведаюць, што такое вайна, ім давялося ў час ліхалецця быць у цэнтры партызанскага руху, зведаць жахі бяды і смерці. Мяняюцца пакаленні, і ўжо, мабыць, на генетычнай аснове перадаюцца ад бацькоў дзецям успаміны пра тыя векапомныя дні і пачуццё абавязку, адказнасці, гатоўнасці да подзвігу.

…Здавалася, лета 1997 года так далёка ад лета 1941-га. А наш сучаснік  Сяргей Свянтэцкі паўтарыў  подзвіг герояў: у час нясення каравульнай службы ён цаной свайго жыцця папярэдзіў уцёк рэцыдывістаў.

Усё больш і больш мясцовых юнакоў выбіраюць прафесію – абараняць Радзіму. А школьнікі, якія стараюцца быць падобнымі на сваіх старэйшых братоў і  сясцёр, не на словах, на справе арганізаваліся ў атрады “Міласэрнасць” і “Клопат”, што створаны па прынцыпу вядомых цімураўскіх каманд і аказваюць пасільную дапамогу пажылым лю-дзям, збіраюць дакументы і папаўняюць экспазіцыі школьнага музея. Дарэчы, музей – вынік вялікай даследчай працы таксама некалькіх пакаленняў. Яго стваральнік – настаўнік гісторыі Крывошынскай СШ Леанід Чаранкевіч разам з вучнямі абследаваў ці не кожны квадратны метр тэрыторыі, дзе праходзілі баі, дыслацыраваліся партызанскія атрады. Іх знаходкі былі вельмі важкімі, а сабраныя ўспаміны, расказы, сведчанні мясцовых жыхароў уяўляюць сабой сапраўдныя каштоўнасці. Над папаўненнем музея экспанатамі працавалі і працуюць вучні і настаўнікі. На тэрыторыі  школы бы трапляеш у атмасферу гісторыі: у двары размешчаны мемарыял, што ўшаноўвае памяць герояў-лётчыкаў, загінуўшых у першыя дні вайны, і надпіс, які паведамляе: школа носіць імя Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Гаўрыіла Здановіча, які нарадзіўся і вырас у тутэйшых мясцінах.

Напэўна ж, сама гэтая атмасфера выхоўвае ў свядомасці падрастаючага пакалення пачуццё патрыятызму. А ў дадатак – выхаваўчая работа педагагічнага калектыву. Пра гэта гаварыла ў сваім выступленні і старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі школы Аліна Дыдышка, якая працавала дырэктарам Крывошынскай СШ, і настаўнік Сяргей Турчанка. Ён, дарэчы, разам з вучнямі працягвае работу па папаўненні і ўдасканаленні музейных экспазіцый. Напрыклад, пад яго кіраўніцтвам вучаніца 9-га класа Оля Рахлей напісала нарысы пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Кічылу, Паўла Галавача, вязня фашысцкага канцлагера Ірыну Каменюкову. Яе праца заняла другое месца ў рэспубліканскім конкурсе і ўвайшла ў кнігу пра педагогаў Брэстчыны – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Работы вучняў Віталія Зубіка і Тамары Фармага таксама заслугоўваюць увагі.

У цэнтры вёскі Крывошын стаіць помнік загінуўшым воінам, ля якога заўсёды парадак. Гэта справа рук мясцовай моладзі. Сёння на тэрыторыі сельсавета пражывае ўсяго тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Лука Сельмановіч у Шчэрбаве, Аляксандр Кічыла і Уладзімір Дзядзечка – у Ліпску. І ў будні, і ў святы вучні школ рады сустрэчы з гэтымі людзьмі, з павагай ставяцца да кожнага чалавека ва ўзросце. У дзень інвалідаў і пажылых людзей абавязкова наведваюцца да сваіх аднавяскоўцаў.

Кіраўнік школьнага музея настаўніца гісторыі Вольга Кендыш разам з рабятамі-актывістамі выношваюць планы ажыццяўлення новага праекта – віртуальнага музея. Рыхтуецца база, і хутка кожны жадаючы ў інтэрнэце зможа пазнаёміцца з цікавымі экспанатамі. Адначасова абмяркоўваюцца планы стварэння перасоўных музейных выстаў, з якімі можна будзе “качаваць” па раёне.

Паўсядзённае жыццё, стаўленне дарослых да памяці выхоўваюць маладых. Пра гэта гаварылі ў сваіх выступленнях дырэктар Ліпскай САШ Аляксандр Гатоўчыц, дырэктар Ліпскага СДК Святлана Дыдышка.

Паважлівыя адносіны да пажылых людзей, захаванне і перадача маладым культурнай спадчыны продкаў, сустрэчы, гутаркі – гэта дае свой плён. Як, напрыклад, не далучыцца моладзі да справы, якую прапанавала Раіса Янушкевіч з Ліпска? Яна па ўласнай ініцыятыве стварае этнаграфічны куток свайго краю. Сярод экспанатаў ткацкі станок, прасніца з кудзеляй, лапці. А вяскоўка Антаніна Дыдышка падарыла шмат сваіх вышыванак.

Тутэйшыя людзі нераўнадушныя. Яны берагуць сваю гісторыю і традыцыі, рады паказаць прыезджаму чалавеку памятныя і вельмі прыгожыя мясціны, але ж з задавальненнем адправяцца і ў падарожжа за новымі ўражаннямі. Як расказаў старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын” Іван Мароз, абавязкова разам з моладдзю падарожнічаюць па славутых месцах рэспублікі.

Прыгожыя мясціны, светлыя душой людзі жывуць тут. І кожны дзень іх насычаны клопатамі і праблемамі. Напрыклад, як перакананы ветэраны, вялікай бядой з’яўляецца п’янства. А там, дзе гэтае зло, нараджаецца і другое – правапарушэнні. Як засцерагчы маладое пакаленне, падказаць правільны шлях у жыцці? Над гэтым пытаннем працуюць і малады ўчастковы інспектар Дзмітрый Якубчык сумесна з членамі пярвічнай маладзёжнай арганізацыі БРСМ, і ветэраны, і грамадскасць. Магчыма, гэта тэма стане наступнай для абмеркавання на чарговым пасяджэнні прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі. Вопыт старэйшага пакалення выхоўвае.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *