Адзіны спартакіядны дзень у Ляхавічах /фота/

Хто прымерае шахматную карону?

Субота стала днём перасячэння спартыўных гарызанталі і вертыкалі. У Ляхавічах на базе ДЮСШ спаборнічалі каманды прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў. Гэта быў другі этап круглагадовай раённай спартакіяды працоўных калектываў.

Вецер, дождж на мяжы з мокрым снегам істотна ўскладнілі “жыццё” бегунам, авал стадыёна для якіх стаў пляцоўкай высвятлення адносін. Акрамя лёгкай атлетыкі, удзельнікі спаборнічалі ў шахматах, дартсе, гіравым спорце, настольным тэнісе, більярдзе, перацягванні каната. Іменна апошняя, здавалася б, няхітрая спартыўная забава атрымалася, па меркаванні многіх, найбольш эмацыянальным відам праграмы. Калі не проста відовішчнасць і барацьба, а відовішчная барацьба.  На пэўных этапах – з непрадказальным вынікам. Лепшымі ж у гэтай дысцыпліне сталі камунгасаўцы, якія ў фінале “перацягнулі” на свой бок асілкаў з СВК “Жарабковічы”. Акрамя дзвюх названых, удзел у этапе спартакіяды прымалі каманды малочнага і торфабрыкетнага заводаў, лясгаса, РАНС, райбальніцы, агракаледжа, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Беларусбанка. Лёгкая атлетыка, дартс, настольны тэніс – віды, першымі ў якіх былі прадстаўнікі “Жарабковіч”. Лепшыя па выніках этапу спартакіяды шахматысты і гіравікі працуюць у аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Лясгас пераўзышоў усіх ва ўменні гуляць у більярд. Ну і памятаем пра відовішчны поспех камунгаса.
Па выніках двух этапаў спартакіяды жарабковіцкія фізкультурнікі працягваюць заставацца бясспрэчным лідарам агульнага заліку. Прыступку ніжэй займае каманда РАНС, аддзел адукацыі, спорту і турызму замыкае тройку лідараў.
Наперадзе лістапад і спаборніцтвы па міні-футболе, а на апошні месяц года запланаваны валейбол. Спартакіяда – гэта дэмакратычная і абсалютна адкрытая фізкультурна-спартыўная ліга. У тым сэнсе, што прыняць удзел у турніры можа любая каманда на любым з этапаў. “Сардэчна запрашаем”, – кажуць арганізатары як правераным, так і новым удзельнікам стартаў.
У той жа дзень у Івацэвічах праходзіў занальны этап спартакіяды “Вертыкаль” сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў Брэсцкай вобласці. Сярод удзельнікаў –  каманды Ляхавіцкага, Івацэвіцкага, Ганцавіцкага, Баранавіцкага раёнаў і горада Баранавічы. У праграме – шашкі, шахматы, настольны тэніс, більярд, міні-футбол, валейбол. Найбольш паспяховымі ляхавічане аказаліся ў шашках і більярдзе, дзе паказалі другі вынік.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Спаборніцтвы па перацягванні каната праходзілі асабліва эмацыянальна.

Лідар спартакіяднага заліку каманда СВК «Жарабковічы».


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *