Размаўляй са мной па-беларуску! У СШ №1 прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Мінулы тыдзень у СШ № 1 прайшоў пад знакам беларускага слова. Яно – такое пяшчотнае, мілагучнае, каларытнае – не проста гучала, а  звінела, прыцягвала і зачароўвала.

Кожны дзень тыдня беларускай мовы і літаратуры быў напоўнены разнастайнымі,  цікавымі і змястоўнымі сустрэчамі, турнірамі і гульнямі, віктарынамі і падарожжамі, якія  раскрывалі ўсё багацце і самабытнасць нацыянальнай культуры. Калі раніцай панядзелка хлопчыкі і дзяўчынкі  ступалі на парог школы,  іх сустракалі фальклорныя матывы  ў выкананні  гурта “Кужалёк”, а сцены ўстановы нагадвалі кляновы лістапад. На кожным лісціку – выказванні і цытаты на беларускай мове.
У літаратурнай гасцёўні “Гучы, роднае слова!” вершы чаргаваліся  з песнямі, паданнямі, расказалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры СШ № 1, якія дэталёва прадумалі кожнае мерапрыемства. Шмат станоўчых эмоцый выклікала выстава малюнкаў пяцікласнікаў   “У госці да казкі”. Акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску!” дазволіла значна пашырыць слоўнікавы запас  рабят. А каляровая палітра святаў, традыцый, побыту адкрылася школьнікам падчас падарожжа ў віктарыне “Мая Радзіма – Беларусь!”. Вучні 5-8 класаў разам з бацькамі выдатна справіліся з дамашнім заданнем  па гатаванні страў нацыянальнай беларускай кухні.  Якіх толькі прысмакаў ні было на выставе: тут і клёцкі, і дранікі, і мачанка, і разнастайныя пірагі,  і вясковыя каўбаскі.  Частаваліся ўсе!
Канцэртная праграма “Анталогія беларускай песні” стала выдатным завяршэннем свята роднай мовы і літаратуры. Кожны клас з натхненнем падышоў да падрыхтоўкі творчых  нумароў. І такія знаёмыя “Ох і сеяла Ульяніца лянок”, “Беларусачка” і іншыя песні ў выкананні рабят загучалі па-асабліваму.
Не пералічыць усіх падзей, што суправаджалі рабят на працягу тыдня. Галоўнае – іх актыўны ўдзел у кожнай і   разуменне таго, што няма найпрыгажэйшай і найцудоўнейшай мовы, як родная.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *