Як не заблудзіць у лесе

Восень – час масавага збору грыбоў і ягад.  Захапіўшыся, у нейкі момант разумееш, што не ведаеш, дзе знаходзішся і куды ісці.  Выратавальнікі адзначаюць, што людзям цяжка разабрацца, дзе якія бакі свету, нават маючы компас, многія не ведаюць, як ім карыстацца.

Калі вы сабраліся ў лес у адзіночку, абавязкова паведаміце пра гэта блізкім, суседзям, сябрам. Скажыце, у якім раё-не будзеце шукаць грыбы-ягады. Прыйшоўшы ў лес, звярніце ўвагу на буйныя арыенціры паблізу: рэчку, дарогу, чыгунку, якія дапамогуць знайсці дарогу дадому.
Добра прадумайце, што ўзяць з сабой.  Мабільны тэлефон папярэдне падзарадзіце і папоўніце баланс. Майце на ўвазе, што ў лесе не заўсёды можа быць даступна сотавая сувязь. Спецыялісты раяць браць з сабой свісток – ён можа аказацца надзейней за мабільнік. Важна апрануцца цяплей, надзець зручны абутак, узяць з сабой ежу, нож, компас, неабходныя лякарствы, бінт з ёдам, запалкі ў воданепранікальнай упакоўцы, дажджавік і крыху грошай.
Калі ўсё ж заблудзілі – не панікуйце. Пастарайцеся вярнуцца туды, дзе размінуліся з таварышамі. Калі нікога не знайшлі, шукайце сцяжынку, прасеку або лінію электраперадач. Знайшлі арыенцір – трымайцеся яго і нікуды не зварочвайце. Ніколі не пераходзьце рэчку, тым больш, балота. Заўсёды надзейней ісці ў супрацьлеглы бок.
Для начлегу развядзіце агонь на ўзвышшы, паблізу вялікага дрэва. Ляжаць неабходна тварам да вогнішча і ні ў якім выпадку не спаць: магчыма, дапамога дзесьці побач, а вы не пачуеце.
Калі чалавек не прыйшоў з лесу, блізкім неабходна паведаміць пра гэта ў міліцыю ці ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Не спрабуйце шукаць прапаўшага самастойна. Сілы  чалавека (асабліва пажылога), які правёў некалькі дзён у лесе, могуць  быць на зыходзе. У такой сітуацыі значэнне мае кожная гадзіна. Пры неабходнасці арганізуюцца на пошукі супрацоўнікі міліцыі, выратавальнікі, кінолагі з прыцягненнем тэхнікі. А вы зможаце далучыцца да групы спецыялістаў, якая будзе прачэсваць лес. Не адкладвайце званок надоўга, каб не спазніцца.
Марына КАСАКОВІЧ, спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *