ЗТАА «БелДан». З якасным акцэнтам

Ветфельчар Клаўдзія Кузьміч.

Сёлета ЗТАА «БелДан» падчас уборкі жніва не сыходзіў са старонак раёнкі. Старт поспеху задаў трактарыст-машыніст Аляксандр Азарчык, які першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа. На абласным фестывалі-кірмашы  працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016” у сваіх намінацыях гучалі прозвішчы  старшых  камбайнераў  Артура Гутырчыка і Максіма Горбіка. Дарэчы, Артур разам з жонкай і дзецьмі ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла” сталі другімі.

Сакрэт фірмы? Сучасная тэхніка (у машынна-трактарным парку прадпрыемства як беларуская, так і замежная), дакладная арганізацыя працы і адказнае стаўленне да справы.
Вырошчванне збожжавых – не асноўны занятак “БелДана”. Гэта  адно са звенняў складанага ланцужка ў асноўнай спецыялізацыі –  вытворчасці свініны па дацкай тэхналогіі.  Раслінаводства пастаўляе сыравіну для ўласнага камбікормавага завода. Магутнасць жывёлагадоўчага комплексу – 35 тысяч свіней у год, адзначае вядучы бухгалтар ЗТАА “БелДан” Таццяна Быкоўская. Гэту прадукцыю ведаюць пакупнікі  гандлёвых сетак усёй  рэспублікі.
Сучасная  вытворчасць патрабуе не толькі адказнага стаўлення, але і адпаведных  ведаў, уменняў. Агульнае кіраўніцтва фермай сёмы год ва ўмелых руках упраўляючага Енсена Іонаса Мальгаарда. Усе ветурачы і заатэхнікі маюць вышэйшую адукацыю. Шосты год працуе заатэхнікам Аляксандр Ягнешка. Да дэкрэтнага водпуску  шчыравала на “БелДане”  і яго жонка Ганна. Сям’я жыве ў катэджы, які атрымала ад прадпрыемства. Некалькі гадоў назад ЗТАА пабудавала для сваіх спецыялістаў  11 сучасных дамоў “пад ключ”:  з рамонтам і  мэбляй.
Безумоўна, гэта і многае іншае – аргумент на карысць сумленнай працы ўсіх членаў белданаўскага калектыву.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва «БелДана».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *