Ільнозаводская гармонія
Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і ў сувязі з юбілейнай датай узнагароджаны дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Дзмітрый СКАКУН.
За знешнім спакоем хаваюцца настойлівасць і мэтанакіраванасць. Дакладней, не хаваюцца – ёсць і абумоўліваюць многае з сённяшняга дня мясцовага льнозавода. Гаворка пра дырэктара прадпрыемства Дзмітрыя Скакуна. Цяперашняя вытворчасць, абноўленая, мадэрнізаваная і, адпаведна, з перспектывай росту, стала такой пры яго непасрэдным кіраўніцкім удзеле.
Дзмітрый Усеваладавіч узначаліў завод 6 гадоў назад, а да гэтага без малога паўтара дзесяцігоддзя працаваў намеснікам дырэктара. Калектыву свайму давярае і перакананы: камандзе льнозавадчан па сілах працаваць узорна, з выніковым імкненнем да ўдасканалення. Гэты шлях робіць гонар таму, хто па ім крочыць. Радкі, у якіх пазначаны ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», сёлета красуюцца на Рэспубліканскай дошцы Гонару.
Безумоўна, гэта поспех, але поспех, які павінен пацвярджацца. Ці стаў бы ён магчымым, калі б не асоба дырэктара Скакуна? Няхай гэтае пытанне застаецца рытарычным. А Дзмітрый Усеваладавіч сваю справу працягвае рабіць так, каб максімальна задзейнічаць патэнцыял вытворчасці. Лён – гэта, вобразна кажучы, хлеб завода. Пра сінявокі і валакністы хтосьці песні спявае, а яны, ільновытворцы і льноперапрацоўшчыкі, клапоцяцца не пакладаючы рук. Маюць надзейных партнёраў, шукаюць новыя рынкі збыту, развіваюць дапаможную вытворчасць. Пра ўсё гэта і многае іншае лаканічна і канкрэтна расказвае дырэктар і акцэнт робіць на калектыве. А калектыў задаволены, што менавіта іх Усеваладавіч галоўны «па надвор’і ў ільнозаводскім доме» – дырэктар ён строгі, справядлівы і надзвычай дружалюбны. Такая вось гармонія.
Вольга СВЯТЛОВА.