Творчая зорка Алены

На навагодні ранішнік, быццам ураган, урываецца вельмі абаяльная  казачная Баба Яга і адразу становіцца ўсеагульнай любіміцай, з якой дзеці з задавальненнем гуляюць, спяваюць, адгадваюць  загадкі. Роля гэтага папулярнага персанажа, як з гумарам адзначае  сама Алена Макарэвіч  і  калегі – педагогі цэнтра дадатковай  адукацыі дзяцей і моладзі,  стала  яе   зорнай.
Талентаў у нашай зямлячкі  шмат. Напрыклад, у  дэкаратыўна-прыкладной творчасці Алена прафесіянал. І па стане  душы,  і па дыпломе інстытута культуры,  дзе атрымала спецыяльнасць  культуролага,  выкладчыка  культуралагічных дысцыплін і выяўленчага мастацтва. У яе руках  за некалькі хвілін звычайная  драўляная кухонная дошка ўпрыгожваецца  сімвалам  надыхо-дзячага года – чырвоным пеўнем. Арыгінальным  узорам аздобліваецца  карціна на  тканіне. Разьба па дрэве, дызайн, фларыстыка,  дэкор, макрамэ, бісерапляценне –  ва ўсім гэтым раскрываецца  талент.
Сваім майстэрствам  Алена Макарэвіч шчодра  дзеліцца з вучнямі, якія  наведваюць  аб’яднанні па інтарэсах “Батык”  і “Юны дызайнер” ЦДАДіМ.  Неаднаразовыя перамогі яе выхаванцаў у  раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах,  удзел у выставах  пацвярджаюць, што ў таленавітых педагогаў  таленавітыя вучні. Пра кожнага са сваіх выхаванцаў Алена гатова расказваць бясконца:
–Прыходзіць дзяўчынка-першакласніца,  нічога не ўмее, але відаць, што ёй вельмі падабаецца маляваць.  Ловіць кожнае слова, кожны рух… Твар дзіцяці свеціцца, калі  атрымалася першая карціна.  Іх потым будзе шмат, але  першая – асаблівая радасць.
За два дзесяцігоддзі работы ў цэнтры дадатковай адукацыі Алена Макарэвіч атрымала нямала ўзнагарод,  сёлета  ўдастоена  ганаровага  звання  “Чалавек года”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *