Спагада без ліміту
5 студзеня адзначылі прафесійнае свята работнікі сацыяльнай абароны – людзі, якія выбралі адну з самых гуманных і патрэбных прафесій.
Спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказваюць сацыяльныя паслугі пажылым грамадзянам і інвалідам, дапамагаюць пераадольваць цяжкія жыццёвыя сітуацыі, усяляюць у іх надзею і веру ва ўласныя сілы.
Што неабходна немаладым людзям? Увага, клопат, разуменне. А яшчэ душэўная цеплыня, пяшчота і цярплівасць. Але па розных прычынах часам складваецца так, што ўсё гэта некаторыя нашы землякі атрымліваюць ад людзей, блізкіх не па крыві, а па сардэчнай сувязі – ад сацыяльных работнікаў. Ад іх прафесіяналізму, кампетэнтнасці і асабістых якасцяў часта залежыць вельмі многае. У штодзённай дапамозе маюць патрэбу адзінокія і адзінока пражываючыя, тыя, хто без старонняй дапамогі не можа абысціся.
У Ляхавіцкім раёне на надомным абслугоўванні ў 77 населеных пунктах знаходзіцца 584 пажылыя землякі. Восем дзясяткаў сацыяльных работнікаў робяць іх жыццё прасцейшым і больш утульным. Прычым, нараўне з жанчынамі паспяхова займаюцца гэтым і 6 прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Не горш за жанчын згатуюць ежу, прыбяруць, ды і фізічная праца ім не ў цяжар. Для большасці падапечных візіт сацработніка платны, але абыходзіцца ў сімвалічную суму. Асноўная нагрузка па ўтрыманні службы сацыяльных работнікаў кладзецца на дзяржаву. Сацыяльна-бытавое абслугоўванне для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і іх сем’яў, сем’яў загінуўшых на фронце і тых, хто мае статус былых вязняў фашысцкіх канцлагераў бясплатнае, як і для тых, хто мае мінімальны даход (такіх у нашым раёне 4 чалавекі).
Цёпла і ўтульна пажылым людзям і інвалідам у Ганчароўскім доме сумеснага пражывання. За год тут пазменна пажылі-пагасцявалі 16 чалавек.
– У планах адкрыццё аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, – расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса. – Зараз выбіраем месца для яго размяшчэння, вырашаем іншыя арганізацыйныя пытанні.
Калі прыёмная і гасцявая сем’і як формы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паспелі прыжыцца ў нашым раёне, то патранатная сям’я пакуль робіць першыя крокі ў аграгарадку Падлессе. Сям’я (па дакументах – чужая, а па адносінах – як родная) дапамагае пажылому чалавеку ў нарыхтоўцы дроў, скошванні травы, праполцы агарода і г.д. Сёлета з ліпеня медыцынская сястра міласэрнасці раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа бясплатна даглядае на даму 55 адзінока пражываючых грамадзян старэйшых за 60 гадоў, у тым ліку і інвалідаў I і II груп.
У ТЦСАН можна аформіць платную паслугу сядзелкі, пенсіянеры і інваліды I і II груп маюць магчымасць пастрыгчыся па нізкіх цэнах. Тут жа, у цэнтры, для нашых немаладых, але энергічных землякоў дзейнічае 6 клубаў, многія з іх наведвальнікаў раскрылі ў сабе новыя здольнасці і інтарэсы, набылі сяброў і аднадумцаў.
А бывае і так, што сябрам становіцца сацыяльны работнік. Як, напрыклад, Галіна Саўчанка з Жарабковічаў для сваіх падапечных. Пра работу сацработніка яна 23 гады назад мела вельмі невыразнае ўяўленне – працавала інжынерам па тэхніцы бяспекі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама ў Чавускім раёне. Захварэлі бацькі, і доўг дачкі паклікаў на малую радзіму ў Жарабковічы. Галіна Іванаўна стала Галачкай, Іванаўнай і проста дачушкай – так сардэчна называюць яе падапечныя, да якіх за гады моцна прывязалася, быццам параднілася. І хоць Галіна Саўчанка па ўзросце ўжо і сама пенсіянерка, але але адзначае:
– Пакуль ёсць сілы і магчымасці – буду працаваць.
Раніцай толькі развіднее, а яна ўжо спяшаецца да сваіх падапечных, хвалюецца, ці здаровыя. Ноччу прайшоў снег, таму, дарожку да сядзібы адзінока пражываючай Ніны Праневіч трэба пачысціць, такі вось дадатковы абавязак. У гэтым двары Галіне Іванаўне, як кажуць, вядомы кожны каменчык і травінка. Яе супрацоўніцтва з Нінай Серафімаўнай доўжыцца больш за 10 гадоў. Столькі ж і з Галінай Арэшка, Марыяй Мацуль. Галіна Саўчанка ведае іх звычкі, інтарэсы. А ёсць і такія, з кім сацработнік неразлучны на працягу двух дзесяцігоддзяў. Старэйшаму яе падапечнаму днямі споўніцца 91 год.
Галіне Іванаўне давяраюць, яе паважаюць і з радасцю чакаюць. А яна прыйдзе, распытае пра справы, здароўе, раскажа мясцовыя навіны, абмяркуе планы.
Жыццярадасная, далікатная, уважлівая, адкладвае свае справы, каб дагадзіць немаладым землякам. Праполе агарод, заплаціць камунальныя, распаліць печку, купіць прадукты і г.д. – клопатаў шмат. Асабліва перад Вялікаднем і Калядамі: трэба памыць і павесіць фіранкі, рушнікі і іншае, падрыхтавацца да свята. Узгадвае, як калісьці дапамагла адной са сваіх падапечных адшукаць “згублены” год, дзякуючы чаму пенсія той хоць нязначна, але павялічылася.
Ёй тэлефануюць дзеці яе бабуль і дзядуль, заглядваюць у вёску, калі прыязджаюць у вёску.
Галіна Саўчанка – адна са згуртаванага калектыву, у якім спагада без ліміту.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.