Што здарылася?
Пчаляр-аматар недалічыўся на сваім падворку на хутары каля вёскі Падбарочча пчоласем’яў і некаторых прылад для пчалярства на агульную суму звыш мільёна рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Хатняй птушкі пазбавіў невядомы аматар чужога дабра гаспадара з Тухавіч. У вяскоўца прапала з хлява 6 курэй.
Сярод белага дня, падабраўшы да замка ўваходных дзвярэй ключ, злодзей залез у адну са свяціцкіх хат і ўкраў маёмасці на 340 тысяч рублёў. Як высветлілася, крадзёж – справа рук аднавяскоўца.
У РАУС паступіла заява ад жыхара Баранавіч, які просіць прыцягнуць да адказнасці свайго сына. Той праз акно залез у дачны домік у Трабавічах, які належыць яго бацьку, і ўкраў рознай маёмасці на 1800 тысяч рублёў.
Таблеткі супраць жыцця
На лячэнне ў райбальніцу дастаўлены 37-гадовы жыхар Вострава з дыягназам: атручванне таблеткамі.
У сваім доме ў Галаўнінцах звёў рахункі з жыццём пенсіянер.
Разборкі ў вёсцы
Для аказання медыцынскай дапамогі ў хірургічны кабінет райпаліклінікі звярнулася 50-гадовая жыхарка Навасёлак, у якой медыкі канстатавалі пералом рукі. Цялесныя пашкоджанні жанчыне нанёс аднавясковец 1970 года нараджэння.
Стацыянарная медыцынская дапамога спатрэбілася і ліпчаніну 1964 года нараджэння. Яго пабіў падчас сваркі малодшы на 20 гадоў аднавясковец.
Замест кладу — іртуць
У міліцыю звярнуўся жыхар Баранавіч з паведамленнем пра тое, што ў полі каля вёскі Лабузы Ляхавіцкага раёна ён знайшоў ёмістасць з 50 грамамі ртуці.
Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна ЗАРЭЧНАЯ