Бонус мнагадзетным

Сям’я ляхавічанкі Дзіяны Булатай – сярод тых, хто летась адкрыў дэпазіт на сямейны капітал.

Ляхавічанка Надзея Бецька – адна з тых, хто летась звярнуўся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за прызначэннем сямейнага капіталу.  Яе заява, як і яшчэ 64 сем’яў у мінулым годзе, была задаволена. У  Бецькаў падрастаюць  трое хлопчыкаў,  магчымасць атрымаць такую важкую дзяржаўную падтрымку з’явілася, дзякуючы малодшаму Мікітку, якому нядаўна споўніўся год.

Згодна Указа Прэзідэнта Беларусі “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей” у нашай краіне ўведзены сямейны капітал, пры нараджэнні, усынаўленні трэцяга або наступных дзяцей   з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года  сем’ям прадастаўляюцца безнаяўныя грашовыя сродкі ў суме 10 тысяч долараў, якія размяшчаюцца на дэпазітным рахунку ў Беларусбанку.  Сямейны капітал даецца аднойчы і   можа быць выкарыстаны для паляпшэння жыллёвых умоў, атрымання адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, а таксама для  фарміравання накапляльнай пенсіі маці ці мачахі ў поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і. Але гэта магчыма толькі пасля дасягнення дзіцём, з нараджэннем якога і прызначаны  сямейны капітал, 18-гадовага ўзросту.
Датэрмінова гэтыя сродкі можна накіраваць  на атрыманне  платных медыцынскіх  паслуг, для набыцця медыцынскіх вырабаў і лекавых сродкаў, калі членам сям’і, якой прызначаны сямейны капітал, патрабуюцца платныя медпаслугі (іх пералік  вызначаны Міністэрствам аховы здароўя).
Дарэчы, з 64 сем’яў,  якім летась прызначаны сямейны капітал, 36 жывуць у сельскай мясцовасці. У большасці з іх нарадзілася трэцяе дзіця, у адзінаццаці – чацвёртае, у  трох – пятае, у адной – сёмае. І ўжо сёлета за прызначэннем сямейнага капіталу звярнуліся 9 сем’яў.
Спецыяльна створаная  ў райвыканкаме  камісія пасля падачы заявы на атрыманне сямейнага капіталу на працягу месяца  правярае ўсе  дакументы, а таксама робіць неабходныя запыты ў розныя інстанцыі. Напрыклад, у камунгасе, жыллёва-будаўнічых кааператывах удакладняецца састаў сям’і, у судзе – ці не пазбаўляліся бацькі бацькоўскіх правоў, у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – ці  не адабрана дзіця пад апеку дзяржавы.
На справе канчатковае  рашэнне камісія прымае раней адведзенага месячнага тэрміну. Па ўсіх  пададзеных за мінулы год і сёлетніх заявах  прынята рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу.
У лістападзе  2016 года сям’я Шрубейкаў з вёскі Патапавічы стала мнагадзетнай: нарадзіўся сын, якога назвалі Фёдарам. Дома маму і малодшага браціка з нецярпеннем чакалі 12-гадовы Ілья і 8-гадовы Міша.
– Сямейны капітал – сур’ёзная падтрымка.  Але пакуль  не планавалі, куды яго  патраціць.Час пакажа.  Хутчэй за ўсё,  ён пойдзе на вучобу дзяцей, а можа і на жыллё для іх. Галоўнае, што ў будучыню глядзім з аптымізмам, у тым ліку дзякуючы ўнушальнаму дзяржаўнаму падарунку, – расказвае Алена Шрубейка.
У Ляхавіцкім раёне жывуць 411 мнагадзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 1211 непаўналетніх. Акрамя  адносна новага  віду дзяржаўнай падтрымкі – сямейнага капіталу, большасць з іх  атрымлівае і іншыя віды  дапамогі: пры нараджэнні дзіцяці, па яго доглядзе, адрасную сацыяльную дапамогу і г.д. Летась аднаразовую матэрыяльную дапамогу  для падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага года  атрымалі 637 школьнікаў з  311 сем’яў.  На гэтыя мэты з раённага бюджэту было  выдзелена 25480 рублёў. Каб 1 верасня стала сапраўдным святам, паклапаціліся многія прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць бацькі вучняў. Пра тое, што чужых дзяцей не бывае, чарговы раз нагадала  рэспубліканская  дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. У ёй  актыўна ўдзельнічалі мясцовая ўлада,  прадпрыемствы, арганізацыі, установы, індывідуальныя прадпрымальнікі, проста неабыякавыя людзі.
У Беларусі заканадаўча ўстаноўлены  працоўныя, падатковыя, жыллёвыя  льготы  сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, асабліва мнагадзетным. Значная  дзяржаўная падтрымка паспрыяла таму, што дэмаграфічная сітуацыя набывае аптымістычны характар: на Брэстчыне чацвёрты год запар адзначаецца натуральны прырост насельніцтва.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Бонус мнагадзетным

  • 14/02/2017 в 09:29
    Permalink

    С такими гарантиями многодетной семьёй стать совсем не страшно, а даже почётно.С уверенным будущим можно, как раньше наши бабушки и дедушки, иметь и четверо, и пятеро детей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *