Медыя-Алімп. У штаб-кватэры НАК прайшла цырымонія ўшанавання спартыўных журналістаў

Гэтую прыемную навіну “ЛВ” паведамляў ужо ў адным з апошніх сваіх нумароў: Нацыянальны алімпійскі камітэт падвёў вынікі творчага конкурсу “Медыя-Алімп 2016”.
Як адзначыла дырэктар прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці Алена Белаконенка, СМІ нашай вобласці былі запрошаны на цырымонію ўзнагароджання ўпершыню ў гісторыі гэтага прэстыжнага конкурсу. Сярод адзначаных заахвочвальнымі прызамі ў катэгорыі “Рыа-2016” – “Ляхавіцкі веснік”  і “Вечерний Брест”.

У многім супярэчлівы, няпросты, багаты на падзеі, не без адмысловых адметнасцяў быў мінулы год. У тым ліку ў плане спорту: дзясяткі спаборніцтваў рэгіянальнага ўзроўню, чэмпіёнскія і “брыльянтавая” лігі, кубкавыя этапы, кантынентальныя і планетарныя чэмпіянаты. І XXXI летнія Алімпійскія гульні ў гарачым і далёкім Рыа-дэ-Жанейра – як вянец усяму спартыўнаму чатырохгоддзю.
Дзе б ні выступалі атлеты, амаль заўсёды за імі перамяшчаюцца майстры пяра, мікрафона, тэлевізійнай камеры. І не прынцыпова, гэта несамавіты на выгляд стадыён невялікага гарадка ці суперсучасная шматтысячная арэна: журналісты кожны раз побач.
Нядаўна асобныя аўтары і калектывы рэдакцый краіны пачулі ў свой адрас нямала прыемнага. У Зале алімпійскай славы штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Медыя-Алімп 2016” сярод спартыўных журналістаў на лепшае асвятленне дзейнасці арганізацыі, якой, дарэчы, споўнілася 25.
Сустрэча адбылася ў цёплай сяброўскай атмасферы. Усё было проста, дэмакратычна і ад пачатку да фінальных акордаў – шчыра.
Ганаровымі гасцямі  цырымоніі сталі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, кіраўнікі шэрага агульнанацыянальных тэлевізійных каналаў і іншыя вядомыя ў краіне і не толькі людзі.
Гаварылі па-рознаму, але аб агульным. Пра тое, што вялікі спорт – гэта яшчэ і вялікая палітыка, высокая ідэалогія, красамоўная дыпламатыя. Пра “складанасці перакладу”: уменні спартыўных журналістаў трансфармаваць сухія лічбы – метры, галы, ачкі, секунды – у зразумелую кожнаму чытачу-гледачу мову. Дзякавалі за працу, віншавалі пераможцаў і прызёраў медыя-марафону.
У намінацыі “Рыа-2016” за цыкл матэрыялаў, надрукаваных у рэгіянальных СМІ, заахвочванне атрымала і рэдакцыя газеты “Ляхавіцкі веснік”.  Прыз уручыў віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Уладзімір Канаплёў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Інтэрв’ю першага віцэ-прэзідэнта НАК Максіма Рыжанкова.

Узнагароду ўручае міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Сярод адзначаных НАКам – і ”Ляхавіцкі веснік”.

Пад дахам НАКа знайшлося месца і для тэматычных музейных стэндаў.

One thought on “Медыя-Алімп. У штаб-кватэры НАК прайшла цырымонія ўшанавання спартыўных журналістаў

  • 20/02/2017 в 21:09
    Permalink

    Очень рада и горжусь районкой. Быть среди таких маститых журналистов — престиж, мастерство и удача. А учитывая, что среди районных газет «ЛВ» был едва ли не единственный — то поощерительный приз начинает весит не меньше диплома.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *