Адукаваны? Малады? Энергічны? Такія патрэбны міліцыі

Ад падбору і расстаноўкі кадраў у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь залежыць выніковасць яго дзейнасці. Гэты працэс удасканальваецца, што відавочна і па Ляхавіцкім РАУС. За апошнія 5 гадоў кадравы састаў аддзела адчуў значныя змяненні, у тым ліку і ўзроставыя.  Пачынаючы з 2007 года  для далейшага праходжання службы пасля заканчэння навучальных устаноў МУС Рэспублікі Беларусь у аддзел прыйшлі больш за 10 лейтэнантаў міліцыі, амаль столькі ж прыступілі да выканання  абавязкаў пасля праходжання спецыяльнай падрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры МУС.

Асноўнай кузняй кадраў для сістэмы органаў унутраных спраў з’яўляюцца Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь і Вышэйшы Магілёўскі каледж. Менавіта тут рыхтуюць будучых супрацоўнікаў міліцыі з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай адукацыяй. Пачынаючы з 2010 года, змяніліся правілы прыёму і ўмовы навучання ў Магілёўскім каледжы (акрамя сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай адукацыі, тут можна цяпер атрымаць і вышэйшую).

Цяпер у РАУС добрасумленна і паспяхова нясуць службу 12 афіцэраў з дыпломам галоўнай міліцэйскай ВНУ, 14 закончылі рэарганізаваную Баранавіцкую сярэднюю спецыяльную школу міліцыі і Магілёўскі каледж, а таксама супрацоўнікі, якія маюць грамадзянскія спецыяльнасці і прайшлі пэўны курс перападрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры МУС.

І ўсё ж па-ранейшаму ў райаддзеле адчувальны недахоп  прафесійных кадраў.  У сувязі з гэтым РАУС праводзіць конкурсны адбор кандыдатаў на наступныя пасады: оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку (з вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай адукацыяй);  дазнавальнік групы дазнання папярэдняга расследавання (з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй); участковы інспектар міліцыі (з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй ці любой вышэйшай);  участковы інспектар інспекцыі  па справах непаўналетніх (з сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай юрыдычнай або педагагічнай адукацыяй); інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ (з сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай адукацыяй ці вышэйшай тэхнічнай адукацыяй, а таксама вадзіцельскім пасведчаннем катэгорый “В, С”); вадзіцель аўтамабіля групы тылавога забеспячэння (абавязковая ўмова – служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і вадзіцельскае пасведчанне катэгорый “В, С”).

На службу ў органы ўнутраных спраў прымаюцца на добраахвотнай аснове паўналетнія грамадзяне незалежна ад нацыянальнасці, полу, сацыяльнага паходжання, рэлігійнай прыналежнасці, здольныя па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стане здароўя, адукацыі выконваць задачы, ускладзеныя на міліцыю.

З лютага 2012 года РАУС пачне прыём заяў ад юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія жадаюць паступаць  на дзённую форму навучання ў навучальныя ўстановы МУС Рэспублікі Беларусь. Інфармацыю пра правілы паступлення можна атрымаць у групе кадраў РАУС па тэлефоне 2-16-10 ці на сайтах навучальных устаноў.

Сяргей ПАЖОГА,
намеснік начальніка РАУС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *