Тры праміле да трагедыі

Вечарам  26 лістапада мінулага года на аўтадарозе Баранавічы-Ляхавічы ў аграгарадку Дарава адбылося дарожна-транспартнае  здарэнне са смяротным зыходам.  36-гадовая  жыхарка  Слуцка,
маці дваіх дзяцей пры пераходзе дарогі  загінула на месцы ДТЗ.  За рулём уласнага аўтамабіля знаходзіўся  часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела ДАІ Баранавіцкага ГАУС Андрэй Валкавыцкі.
Грамадзянскі муж загінуўшай расказаў, што яны  на аўтамабілі  ехалі  са Слуцка ў Баранавічы. У Дараве спыніліся. Да аўтамабіля для праверкі дакументаў  падышоў супрацоўнік  дзяржаўтаінспекцыі.   У той вечар  разам з калегам праводзіў выбарачную праверку транспарту, што рухаўся па азначаным участку   дарогі  Баранавічы-Ляхавічы. Для складання пратакола вадзіцелю (раней ён быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў, да таго ж аўтамабіль не прайшоў тэхагляд) прапанавалі перайсці ў службовы транспарт. Яго спадарожніца таксама падышла да патрульнай машыны, але  адчула сябе дрэнна і рушыла назад. Не дайшла: на пешаходным пераходзе яе жыццё спыніў п’яны ліхач (у яго крыві  выяўлена амаль 3 праміле алкаголю).
Па факце  аварыі Следчы камітэт  узбудзіў  крымінальную справу па частцы 4 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Беларусі (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая  кіравала транспартным сродкам  у стане  алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).
28 лютага ў  судзе Ляхавіцкага раёна ў адкрытым рэжыме  пачаўся разбор  гэтай крымінальнай справы, на якім прысутнічалі родныя, блізкія, сябры загінуўшай, а таксама абвінавачванага.  Усё  пасяджэнне Валкавыцкі не паднімаў галавы – ні калі слухаў абвінавачванне, што зачытваў старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзій Буры; ні калі выступалі сведкі – супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС і вадзіцелі, якія апынуліся на месцы ДТЗ; ні калі адказваў на пытанні пракурора, суддзі, адваката  пра тое, дзе і з кім выпіваў, чаму пасля гэтага сеў за руль, чаму не збавіў скорасць, калі ехаў па аграгарадку; ні калі прызнаўся, што  не можа дараваць сабе, што сеў п’яным за руль…
Сваю віну Валкавыцкі прызнаў  поўнасцю. Ён  прасіў прабачэння  ў родных загінуўшай,  дзяцей, якія  па яго віне засталіся сіротамі. Згадзіўся з прад’яўленым яму іскам і плакаў, калі выступаў бацька загінуўшай. А той гаварыў у тым ліку і пра тое, што дачка  была дысцыплінаванай і  акуратнай пры пераходзе дарогі, заўсёды насіла флікер і вучыла гэтаму сваіх дзяцей.
Андрэй Валкавыцкі звярнуўся да суда з просьбай не караць яго вельмі строга, каб ён змог хутчэй выйсці на волю і выплаціць кампенсацыю сям’і загінуўшай. Акрамя таго,  ён прасіў прабачэння ва ўсіх супрацоўнікаў міліцыі і кіраўніцтва МУС за тое, што дазволіў сабе парушыць нормы закону і маралі, што прывяло да непапраўнага…
Прыгавор па  рэзананснай справе  вынесены  3 сакавіка. Суд прызнаў Андрэя Валкавыцкага вінаватым  ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 4 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Беларусі і асудзіў яго да 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму (гэта максімальнае пакаранне за такое злачынства). Таксама ён  пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі  тэрмінам на 5 гадоў,  на такі ж тэрмін яму забаронена займаць пасады ў органах унутраных спраў.  Валкавыцкі павінен кампенсаваць маральную шкоду пацярпеламу (бацьку загінуўшай) у памеры 35000 рублёў і кампенсаваць  расходы па атрыманні ім  юрыдычнай дапамогі. Маёмасць Валкавыцкага па рашэнні суда пакуль  застаецца пад арыштам.
Прыгавор  у законную сілу не ўступіў, ён можа быць  абскарджаны на працягу 10 дзён з моманту вынясення.
Суд сказаў сваё слова, і  жыццё  пойдзе сваёй чаргой, праўда не для ўсіх. Двое дзяцей загінуўшай маладой жанчыны (2010 і 2000 гадоў нараджэння) засталіся сіротамі, у яе бацькоў гора забрала не толькі дачку, але і здароўе.  Сям’і вінаватага ў трагедыі не пазайздросціш – ці лёгка ёй давядзецца ў маральным плане?  Як жа дорага каштуюць гэтыя страшныя праміле ў крыві і адчуванне ўседазволенасці. Гэта трэба памятаць усім.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *