На полі трактары грукаталі

Вадзіцель Уладзіслаў Гаўдзіс і механізатар Дзяніс Буката

І грукат гэты песняю гучыць. Добрай, даўняй, вясенняй. Не ўсе і не кожны здольны і жадае пачуць і адчуць яе многагалоссе. Толькі вяскоўцы, шчырыя ў сваіх памкненнях працаваць на зямлі, аддаваць ёй сілы і час узамен на шчодры ўраджай. Важна, каб не здаралася збояў, каб захоўваліся запланаваны рытм, паўната і раўнамернасць гучання пасяўнога аркестра. Тыя з аграрыяў, да слова, хто стартаваў у ліку першых сейбітаў раёна, могуць назіраць ужо матэрыялізаваны вынік сваёй працы ў выглядзе далікатных усходаў-парасткаў. Прараслі.

На зерневых палетках ААТ “Жарабковічы” яравых парасткаў мы ў той дзень не бачылі. Тлустыя землі гаспадаркі добра “трымаюцца” за вільгаць, да пасяўной гатоўнасці выспяваюць некалькі пазней, чым у сярэднім па раёне. А вось азімыя – глядзі і радуйся. Што і дэманструе словам, мажорным настроем, усім сваім выглядам наш “гід” – начальнік вытворчага ўчастка №3 “Падлессе” Міхаіл Багацкі. Рапс, уздоўж якога “Ніва 4х4” трымае шлях да яравога палетка, аб’ектыўна прываблівае позірк. Моцныя расліны ўтвараюць роўна-зялёны дыван поля. Без бачных прагалін – за гарызонт. Па словах спецыяліста, нічога незвычайнага: агратэхналогія, своечасовасць работ, якаснае насенне, не суровая і не бясснежная зіма, стартавая доза вясенняй падкормкі.
Плантацыя люцэрны зелянее некалькі воддаль. Міхаіл Міхайлавіч адштурхоўваецца ад гісторыі:
– Некалі  гэта шматгадовая бабовая расліна практыкавалася на нашых палях. Пару гадоў назад завялі яе зноў. Вырошчваем на сянаж: высокапрадукцыйная і высокабялковая культура, якая можа даваць некалькі ўраджаяў за сезон і некалькі гадоў запар. У гэтым адзін з гаспадарчых трэндаў нашага прадпрыемства –  паступовае змяншэнне пасеваў кукурузы і пашырэнне плошчаў шматгадовых траў. З мэтай выраўняць долі сіласу і сенажу ў рацыёне жывёлы.
“Бамбона”. Такую назву атрымаў сорт яравой пшаніцы, сяўбу якой жарабковіцка-падлескія аграрыі вялі ў той дзень. Насенную эліту пшаніцы паспрабавалі летась. Паказала сябе, то чаму б не прадоўжыць. Тым больш, што насенне ўжо сваё, падрыхтаванае і назапашанае ўласнымі сіламі з уласнага ўраджаю.
Поле плошчай больш за 2 сотні гектараў. Магутны трактар, грувасткі пасяўны агрэгат эскартавалі сціплыя клубы пылу. Як правіла, але не без выключэнняў. Больш таго, рэдка але не-не ды і сустракаюцца на шляху трактара гразевыя пасткі –  будзь пільным, механізатар-сейбіт.  Пераўвільготненыя пятачкі поля даводзіцца пакідаць, каб пасля вярнуцца.
У той не па сезоне цёплы дзень на пшанічным палетку працавала пара пасяўных агрэгатаў-комплексаў. Ва ўмовах, як правіла, доўгіх жарабковіцкіх палёў для тэхнікі такога класа і такіх класных механізатараў дзённая выпрацоўка ў 3 а то і 4 дзясяткі гектараў – не задача.
Але перш чым выступіць сеялкам, з полем папрацавалі падрыхтоўшчыкі глебы. На мове аграрыяў, растлумачыў Міхаіл Багацкі, аперацыя называецца “закрыццё вільгаці”. Ад чаго? Ад сонца, бенефіс якога працягваўся ўсю першую палову бягучага тыдня, і ад ветру. Каб мінімізаваць працэс выпарэння, аграрыі культывуюць глебу. Тым самым разбураецца скарынка, верхні слой глебы размякчаецца і сілкуецца вадой.
За пшаніцай будзе ячмень, 900 гектараў цукровых буракоў, кукуруза, грэчка…
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Механізатар Віктар Вітко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *