Падавай тавар, кірмаш!

Мінулую суботу многія ляхавічане чакалі з нецярпеннем. На яе быў прызначаны першы восеньскі кірмаш. Пачынаўся ён у 8 гадзін раніцы, аднак, прадаўцы і пакупнікі прыходзілі і раней. Адным трэба было прадаць тавар, другім – купіць. Пруткія качаны капусты (коштам ад 500 да 700 рублёў за кілаграм), моркву (1500), буракі сталовыя (800), памідоры (ад 4000 да 6500) прапаноўвалі пакупнікам фермерскія гаспадаркі “Улазавічы”, “Мінічы”, “Машэй М. В.”, СВК “Жарабковічы”, з памідорамі нават прыехалі прыватнікі са Століншчыны. Добры ўраджай сёлета вырасціў фермер Сяргей Яраш (ф/г “Мінічы”): попытам карысталіся агародніна і саджанцы пладовых дрэў.

Надзвычай запатрабаваным пакупнікамі аказалася зерне. Пшаніцу (1500 рублёў за кілаграм), якую даставіў прыватнік на прычэпе да легкавога аўтамабіля, расхапілі за некалькі хвілін. Ячменю на кірмаш хаця і прывезлі значна больш, але ўсё ж попыт перавышаў прапанову. За зернем з СВК “Канюхі”, “Дарава”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” утварыліся чэргі, і, на жаль, хапіла яго не ўсім жадаючым. Магчыма, на наступных кірмашах попыт усіх пакупнікоў будзе задаволены.

Хутка знайшлі сваіх спажыўцоў і прама на машыне “паехалі” па адрасах колатыя дровы ад райпаліва-збыту (прадпрыемства таксама прадавала і брыкет). Нямала было жадаючых купіць лясгасаўскі мёд коштам больш як 27 000 рублёў за паўлітровы слоік.

Не прагадаў і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, які прывёз на рыначную плошчу розныя мінеральныя ўдабрэнні – за імі таксама была чарга. Даспадобы прыйшлася ляхавічанам бульба з урадлівых палеткаў СВК “Ляхавіцкі” па 1000 рублёў за кілаграм. А вось яблыкі на кірмашы прадавала толькі райпо.

Ажыятажны попыт быў на парасят. Адзіным іх прадаўцом на кірмашы аказалася ДП “Нача”. 20 парасят коштам 37300 рублёў за кілаграм жывой вагі разышліся літаральна за некалькі дзясяткаў хвілін: прадаўцы ледзьве паспявалі ўзважваць.

Не больш як адзін рулон у рукі прадаваў салому райаграсэрвіс. Зручна тое, што пасля аплаты яе развозілі па адрасах пакупнікоў. Прывезенага аказалася мала – заказвалі дабаўку. Каму не хапіла ў рулонах, дачакаліся саломы ў цюках з СВК “Ляхавіцкі”.

У мясным павільёне гаспадаркі раёна прадавалі ялавічыну, свініну, бараніну.

Разнастайныя швейныя льняныя вырабы прапаноўваў Ляхавіцкі льнозавод, а трыкатаж і абутак – райпо. Праўда, асартымент быў не надта багаты, чаго не скажаш пра салодкія пачастункі і кандытарскія вырабы – іх было на любы густ.

А які кірмаш без музыкі, песень і прыпевак? Народ весялілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Ураджайнінскага і Зубелевіцкага СДК.

З першага восеньскага кірмашу многія вярталіся дамоў з пакупкамі. Калі чагосьці не хапіла, ёсць шанц запасціся восеньскай сельгаспрадукцыяй на двух наступных кірмашах, якія пройдуць 22 і 29 кастрычніка.

Тым больш, што арганізатары кірмашу ўбачылі, які тавар і ў якой колькасці патрэбен, каб задаволіць попыт гараджан.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *