Паравозік разладу

У рэдакцыю патэлефанаваў  вясковы жыхар, які расказаў невясёлую гісторыю. На       пачатку кастрычніка яны з жонкай купілі ў камерцыйным магазіне ў Ляхавічах  для сына  цацку – паравозік на батарэйках. Прадавец пакупку праверыла на спраўнасць – паравозік паехаў. Задаволеныя бацькі адправіліся з падарункам дамоў. Праўда, радасць сына ад доўгачаканай цацкі была нядоўгай – паравоз не рухаўся ні туды ні сюды. На наступны дзень з няўдалай пакупкай маці адправілася ў магазін. Па словах заяўніка, прадавец не толькі адмовіла ў просьбе памяняць няспраўную цацку на “рабочую” ці вярнуць   грошы, але яшчэ і груба размаўляла з пакупніком. Ды і на просьбу прадаставіць кнігу заўваг і прапаноў адказала адмоўна…

На жаль, пакупнікам і спажыўцам розных паслуг па-ранейшаму даводзіцца сутыкацца з  пакупкай бракаваных або з сышоўшым тэрмінам годнасці тавараў, няякаснымі паслугамі і г.д. Хтосьці купіць рэч і толькі дома заўважыць, што яна з дэфектам, іншы паспее скарыстацца некалькі разоў і пакупка перастае  функцыянаваць. Здараецца, што здае спажывец у хімчыстку  паліто  аднаго памеру, а атрымлівае на памер меншае, або адразу ў першы дзень носкі пасля рамонту адвальваецца пастаўленая набойка, ломіцца новы супінатар. Бясспрэчныя лідары для скаргаў пакупнікоў – сышоўшыя тэрміны годнасці тавараў і сапсаваныя прадукты.

У такім выпадку прадавец абавязаны праверыць праўдзівасць і законнасць скаргі, забраць няякасны тавар, абмяняць яго на новы ці вярнуць грошы. Да таго ж, не лішнім будзе прынесці прабачэнне  і за нязручнасць, і за сапсаваны настрой. У рэальнасці, добра, калі пакупнік моўчкі атрымае  затрачаныя на набыццё няякаснага тавару грошы. Працэс высвятлення адносін паміж прадаўцом і пакупніком можа весціся ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў, і, не прыйшоўшы да  кансэнсусу, пацярпелы бок вымушаны звяртацца ў службу абароны інтарэсаў спажыўцоў ці ў суд.

Нездарма ў Беларусі штогод 15 сакавіка адзначаецца Дзень спажыўца. Гэта  яшчэ адна нагода звярнуцца да праблем, якія могуць узнікнуць паміж спажыўцамі, пакупнікамі, прадаўцамі, вытворцамі тавараў і паслуг.  Дарэчы, рэгламентуе гэтыя адносіны  Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”,  які стаіць на баку тых, хто  прад’яўляе абгрунтаваныя  патрабаванні.

Як растлумачыла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Юлія Глобуз, спажывец, якому прададзены тавар неналежнай якасці, першапачаткова павінен звярнуцца да прадаўца, у якога куплены тавар. Калі прадавец даражыць рэпутацыяй магазіна, не выключана, што ўсе праблемы вырашацца, як і належыць,  па вусным звароце. Калі ж прадавец ці пастаўшчык паслуг не спяшаецца вырашыць ваша пытанне, то лепш за ўсё свае патрабаванні  выказаць пісьмова ў выглядзе прэтэнзіі. Згодна артыкула 20 Закона, спажывец мае права па сваім жаданні патрабаваць: замены няякаснага тавару на аналагічны якасны, суразмернага змяншэння пакупной цаны, бясплатнага рамонту, вяртання грошай за няякасны тавар. Важна, што спажывец сам выбірае патрабаванне, якое ён прад’яўляе прадаўцу ці пастаўшчыку паслуг, і яно павінна быць задаволена без прамаруджвання (максімальны тэрмін – 7 дзён, а пры неабходнасці правядзення экспертызы – 14 дзён).

Таксама Юлія Глобуз падкрэсліла, што, згодна артыкула 28 Закона, для пацвярджэння факта набыцця тавару могуць выка-рыстоўвацца паказанні сведкаў, элементы спажывецкай тары (упакоўкі) з адзнакамі, што тавар куплены менавіта ў гэтага прадаўца. Адсутнасць у спажыўца ці пакупніка касавага чэка не з’яўляецца  падставай для адмовы ў задавальненні яго абгрунтаваных патрабаванняў.

Дарэчы, на працягу двух тыдняў можна вярнуць у магазін і тавар належнай якасці, які па нейкіх прычынах не падышоў. У такім выпадку неабходна захоўваць наступныя патрабаванні: тавар не быў ва ўжытку, захаваны яго спажывецкія якасці, маюцца доказы набыцця яго ў данага прадаўца. Не належаць абмену і вяртанню нехарчовыя тавары належнай якасці, уключаныя ў спецыяльны пералік.

Наогул, сітуацыі бываюць розныя. Юлія Глобуз расказала пра адну з сёлетніх. Летам жанчына купіла халадзільнік у магазіне райпо, а потым спрабавала вярнуць яго назад у магазін, спасылаючыся на тое, што ён сапсаваны.  Халадзільнік быў адпраўлены на экспертызу, па выніках якой дадзена заключэнне:  гаспадыня ўтрымлівала халадзільнік у  антысанітарных умовах, і па гэтай прычыне згніў корпус. Вытворца замяніў сапсаваную дэталь, рамонт халадзільніка быў праведзены за кошт  пакупніка.

Што датычыцца кнігі заўваг і прапаноў, то дзеянні прадаўца камерцыйнага магазіна, пра што вялася гаворка вышэй, увогуле беспадстаўныя. Як паведаміў начальнік інспекцыі  Міністэрства  па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ляхавіцкім раёне Анатолій Жабік,  асоба, адказная за вядзенне кнігі заўваг і прапаноў, абавязана па першым патрабаванні пакупніка  ці спажыўца прадаставіць яе. У адваротным выпадку за адмову яна  прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці (штраф можа скласці  ад 4 да 10 базавых велічынь).

Дарэчы, па словах Анатолія Жабіка, сёлета за названае правапарушэнне да адміністрацыйнай адказнасці нікога не прыцягвалі, а ў мінулым годзе такія выпадкі зарэгістраваны.

Згодна Дэкрэта  № 2 Прэзідэнта Рэспублікі  Беларусь “Аб удасканаленні работы з насельніцтвам”, грамадзянін мае права абскардзіць ва ўстаноўленым парадку адмову ў прадастаўленні  яму кнігі заўваг і прапаноў у вышэйстаячай арганізацыі, а калі парушальнікам з’яўляецца прадпрымальнік – то ў райвыканкаме. Што і павінен быў  у першую чаргу зрабіць заяўнік.  Дарэчы, як высветлілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, патэлефанаваўшы абуранаму пакупніку цацачнага паравозіка: усё ж сітуацыя была  вырашана на карысць пакупніка. Калі ён звярнуўся з прэтэнзіяй да гаспадара магазіна, бракаваная цацка была заменена на якасную.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *