Навучыце дзяцей бяспецы

Пераход дарогі ў правільным месцы… Калі чалавек нічога не парушае… Асцярожнасць, якой павінен прытрымлівацца чалавек, каб захаваць сваё жыццё… Пры пажары тэлефанаваць па нумары 101… Так выглядае бяспека ў разуменні нашых дзяцей.  На раённым бацькоўскім сходзе, які прайшоў у мінулы чацвер у СШ № 1, дарослыя шукалі  адказы на пытанне, як забяспечыць бяспеку і здароўе хлопчыкаў і дзяўчынак.   Задача бацькоў і педагогаў – падрыхтаваць іх да сустрэчы  з цяжкімі, а часам і небяспечнымі сітуацыямі.
Школы і дзіцячыя садкі ўскладаюць  на сябе абавязак па стварэнні бяспечнага асяроддзя для сваіх выхаванцаў. Але часам іх  неабходна абараняць ад сваіх жа бацькоў: калі дзеці прыходзяць  у школу, каб паесці, калі вымушаны ўтойваць  алкагалізм бацькоў і скандалы, не маюць неабходных канцылярскіх прылад…  – такія  факты не адзінкавыя. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская назвала некалькі лічбаў, якія прымушаюць не проста задумацца, а біць трывогу: у мінулым годзе ў раёне  13 дзяцей з 6 сем’яў былі прызнанымі  маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, чацвёра бацькоў пазбаўлены правоў.
Гаварылі на сустрэчы і пра культуру карыстання сацыяльнымі сеткамі, фарміраванне здаровага ладу жыцця падлеткаў, прафілактыку алкагалізму і наркаманіі, пажарную і дарожную бяспеку, іншыя важныя аспекты, на якія дарослыя павінны абавязкова звяртаць і засяроджваць увагу рабят.
Яркай і цікавай атрымалася тэатралізацыя выхаванцамі дзіцячага  садка № 3 правілаў паводзін дома і  на вуліцы.
Удзельнікі раённага сходу прынялі зварот да бацькоў, у якім ёсць і такія радкі: “Жыццё – бясцэнны дар. І як яно складзецца ў дзяцей – у многім залежыць ад вас. Выкарыстоўвайце любую магчымасць, каб выказаць сваю любоў да іх, падтрымаць словам і справай, навучыць пераадольваць цяжкасці, клапаціцца пра сябе і родных”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *