Гэта наш Брэст

Тысячагоддзе па любых мерках тэрмін немалы. А ў якасці ўзросту дата і наогул унушальная, пахваліцца такім багаццем могуць вельмі нямногія населеныя пункты. Брэст адзначыць тысячны дзень нараджэння ўжо зусім хутка – у 2019-ым.
Але і свой такі важкі юбілей абласны цэнтр сустракае маладым, сучасным, добраўпарадкаваным. Растуць новыя мікрараёны, будуюцца жылыя дамы, школы і дзіцячыя сады. Набываюць новае аблічча і становяцца больш утульнымі і камфортнымі для гараджан і гасцей горада паркі і скверы, адміністрацыйныя будынкі і аб’екты інфраструктуры. Абнаўляюцца гарадская набярэжная, плошчы, праспекты, бульвары  і вуліцы.
Брэст прыгожы ў любую пару года і ў любое надвор’е. Вясной патанае ў квецені вішань і каштанаў, летам густа аздоблены зелянінай. Заўсёды чысты, свежы, яркі.
Наш абласны цэнтр вельмі дружалюбны. І не толькі ў дачыненні сваіх жыхароў. Штогод мясцовы чыгуначны вакзал сустракае і праводзіць мільёны пасажыраў. Для тысяч замежных гасцей Брэст становіцца візітоўкай Беларусі. Ён гасцінна сустракае шматлікіх турыстаў, многія з якіх спецыяльна прыязджаюць сюды, каб пабываць у славутай Брэсцкай крэпасці, ушанаваць памяць яе абаронцаў, пакланіцца народнаму подзвігу.
А яшчэ ў Брэста амаль чатыры дзясяткі гарадоў-пабрацімаў у розных краінах – Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ізраілі і іншых.
У сталіцы Брэстчыны, безумоўна, ёсць што паглядзець: музеі, гістарычныя мясціны, помнікі культуры. Чаго варты, напрыклад, археалагічны музей “Бярэсце”, які зараз таксама рэканструюецца, абнаўляецца. Як, дарэчы, і лялечны тэатр.
Ды і проста прайсціся па берасцейскіх вуліцах, палюбавацца гарадскімі скульптурамі, кожная з якіх мае сваю арыгінальную гісторыю, – сапраўднае задавальненне. Абавязкова прыпыніцеся каля помніка тысячагоддзю Брэста, што некалькі гадоў назад з’явіўся ў цэнтры горада на пешаходнай вуліцы Савецкай. На 15-метровым мануменце – уся тысячагадовая гісторыя.
Пра абласны цэнтр можна расказваць доўга і цікава. Але, як кажуць, лепш адзін раз паглядзець – пазнаёміцца асабіста. Вы не пашкадуеце!

Святлана БЕЛМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *