Усе фарбы шчасця. У Ляхавічах выбіралі лепшую мнагадзетную сям’ю /фота/
Любачка і Надзейка. Да роднага чалавека – таксама бабулі – туліцца Ліяна Гарыбян. Упэўнена трымаецца на сцэне, прытанцоўвае каля брата “марачка” Марыйка Жарская. Бяляначка ў прыгожай накідцы – Мілана Мацюшка – падпявае сястры. Такія пяшчотна-мілыя сюжэты можна было назіраць падчас раённага агляду-конкурсу на лепшую мнагадзетную сям’ю, што прайшоў 27 красавіка ў гарадскім Доме культуры. Яго арганізатарам выступіла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Атмасфера ў зале ГДК у той дзень, здаецца, выпраменьвала добрыя і цёплыя эмоцыі, шчырасць і добразычлівасць. Пяць мнагадзетных сем’яў з нашага раёна адважыліся выйсці на сцэну і падзяліцца сакрэтам свайго шчасця з землякамі. Іх горача падтрымлівалі родныя і сябры. Свае пажаданні і наказы канкурсантам адрасавала намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень.
У чырвона-пышным убранні маленькая фея – Яначка Краўчэня – цягнецца да мамы за мікрафонам і, атрымаўшы жаданае, радасна ўсміхаецца. Побач каля бабулі красуюцца прынцэсы – двайняты Сям’я ляхавічан Аляксандра і Інгі Машэяў нарадзілася 7 гадоў назад у лютым. Мінусавая тэмпература не паўплывала на градус адносін – у іх доме цёпла, светла і ўтульна. Не дзеляць паміж сабой абавязкаў і цвёрда перакананы, што толькі разам можна справіцца з любым дрэнным надвор’ем. “Разам мы непераможныя” – паведамілі яны дэвіз сям’і ў візітоўцы конкурсу. У намінацыі “Вясёлка творчасці” праявілі сябе ўсе Машэі. Песня ў выкананні галавы сям’і выклікала дружныя апладысменты залы, як і цудоўна-рамантычны танец мужа і жонкі. Падтрымлівалі бацькоў шасцігадовы сын Стасік і лапачкі-дочкі Любоў і Надзея.
У інтэрнацыянальнай сям’і Адама і Кацярыны Гарыбянаў з Зарытава беларускія карані цесна перапляліся з армянскімі. Тут шануюць традыцыі і звычаі двух народаў. На беларускай мове ў вершах расказвалі пра свае інтарэсы. Рэцэптам фірменных страў – хашламы і далмы – дзядуля дзяліўся на армянскай мове. Каця “расшыфроўвала” на беларускай. У сям’і падрастаюць Вадзім, Яна, Мілана, Давід і Ліяна. Працалюбівыя, гасцінныя і вельмі дружныя – іх сем «я» гучаць у адной танальнасці. Старэйшыя рабяты – памочнікі бацькоў і прыклад малодшым. Вадзім – выдатны садавод, не цураюцца дамашніх клопатаў Яна з Міланай, дуэтам іграюць на баяне, душы не чуюць у Ліяне з Давідам.
У аграгарадку Падлессе Дзмітрый і Кацярына Краўчэні – людзі вядомыя. Галава сям’і – індывідуальны прадпрымальнік, яго палавінка працуе сацыяльным педагогам у школе. Іх шчасце – дзеткі Іван, Ксенія, Яна. “Адзін за аднаго – гарой” – такі дэвіз Краўчэняў. Да конкурсу падрыхтаваліся грун-тоўна і вельмі адказна – так яны падыходзяць да кожнай справы. Цікава распавядалі пра сябе, прэзентавалі сямейны герб. Дарэчы, вельмі эфектна і стыльна выглядалі ў адной колеравай гаме – чырвонай. Усё робяць з захапленнем і з натхненнем. Інтарэсы – рознабаковыя. Чытаюць, малююць, падарожнічаюць, сябруюць са спортам. Ксенія спявае, не адстае ад яе і сястрычка Яна – пастаянна цягнецца за мікрафонам, каб дадаць сваё важкае слова. Над фірменнай стравай старалася не толькі мама – пякла каравайчык, але і тата – водар яго шашлыку паланіў гледачоў.
У сям’і ляхавічан Мацюшкаў хоць колькасная перавага і за жанчынамі – кампанію маме Марце складаюць дочкі Ксенія і Мілана, мужчыны – бацька і сын – адчуваюць сябе вельмі камфортна і ўпэўнена. Уладзімір – майстар на ўсе рукі. Паціху назірае, пераймае татавы ўменні і сямігадовы Мацвей. Мама – выдатны кулінар. Смачна накорміць і пачытае цікавую казку. Маленькай троіцы ніколі не сумна: разам малююць, гуляюць. Ды і мама, педагог-псіхолаг па адукацыі, ведае, чым заняць дзетак, каб тыя ладзілі. На дні нараджэння і па іншых датах Марта пячэ любімы торт сям’і “Казку”, на які запрашаюць гасцей.
Было ў сям’і тры сыны, і калі нарадзілася дачка Марыйка – шчасцю не было межаў. Гэта пра Жарскіх з аграгарадка Востраў. Віталій – індывідуальны прадпрымальнік, Лілія – прадавец, зараз у водпуску па доглядзе за дачкой. Да нядаўняга часу яны жылі хлапчуковымі інтарэсамі Паўла, Вадзіма, Максіма. Усё змянілася год і 8 месяцаў назад з нараджэннем дачушкі, якая стала іх цэнтрам сусвету. У вялікай і дружнай сям’і ўсе пры справе. Павел вучыцца ў сталіцы, захапляецца спортам. Васьмікласнік Вадзім – заўзяты рыбак. Максім раней займаўся акрабатыкай, зараз спявае-танцуе ў “Вясёлцы” пры мясцовым Доме культуры. Марыя, відавочна, будучая артыстка. У гэтым упэўніліся гледачы, калі ў адной з намінацый малодшы брат спяваў, а дзяўчынка заўзята прытанцоўвала. Любімая страва сям’і – бліны. Іх яны і прыгатавалі на конкурс.
Пяць сем’яў – кожная адметная, таленавітая, непаўторная, са сваім настроем і правіламі жыцця. І такія падобныя яны, нават аднолькавыя, у любві да дзяцей. Але конкурс ёсць конкурс. Першае месца ў ім заваявала сям’я Жарскіх з Вострава, на другім – ляхавічане Машэі, трэцімі сталі Краўчэні з Падлесся, за імі – Гарыбяны з Зарытава і ляхавічане Мацюшкі. Мацюшкі, дарэчы, атрымалі прыз глядацкіх сімпатый.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.