І зноў ПМС

Каторы год запар па ініцыятыве аддзела па справах моладзі райвыканкама праводзіцца конкурс на лепшы савет моладзі (іх на Ляхавіч-чыне  – 30).

Сёлета ў фінал выйшлі маладзёжныя саветы КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”,  прадпрыемства меліярацыйных сістэм, раённага вузла паштовай сувязі, райпо,  Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, СВК “Ордэна ”Знак Пашаны” Кастрычнік” і “Жарабковічы”.

Журы ацэньвала розныя бакі дзейнасці саветаў моладзі. Распрацоўкі праектаў і мерапрыемстваў, што праводзіліся сёлета, творчыя справаздачы, аформленыя ў выглядзе стэндаў, буклетаў, фота-і відэапрэзентацый, актыўнае грамадскае жыццё саветаў і многае іншае ўлічвалася пры вызначэнні пераможцы.

Сёлета пасля двухгадовага перапынку  ў конкурсе лепшым прызнаны маладзёжны савет ПМС  (старшыня Сяргей Юшкевіч). Асноўныя накірункідзейнасці савета-пераможцы – спартыўна-масавы і культурна-забаўляльны.  Моладзь прадпрыемства  паспяхова выступала на спартыўным свяце “Ляхавіцкая лыжня”, традыцыйным турніры па валейболе, а на нядаўна прайшоўшых спаборніцтвах “Вертыкаль” Сяргей Юшкевіч заняў 1 месца ў дартсе.  Клапоцяцца маладыя пээмэсаўцы і пра свайго падшэфнага – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Іванавіча Шастака з вёскі Стараселле. Традыцыйнымі сталі арганізаваныя паездкі на хакейныя матчы клуба “Дынама”,  у Жыровіцкі манастыр.

Маладзёжны савет прадпрыемства клапоціцца і пра ўмовы работы. У калектыўным дагаворы маладым рабочым, выпускнікам  прафесійна-тэхнічных вучылішчаў і  сярэдніх школ зніжаны нормы выпрацоўкі на 10 працэнтаў на працягу 6 месяцаў без змяншэння заработнай платы.  Членам добраахвотнай народнай дружыны (яна створана пры прадпрыемстве і дзейнічае не на словах, а на справе) даецца дадатковы водпуск за  10 і больш дзяжурстваў.

Бясспрэчна, поспех работы савета моладзі ў многім залежыць ад падтрымкі кіраўніцтва арганізацыі ці прадпрыемства, лідарскіх якасцей старшыні савета і ўзаемадзеяння з іншымі структурнымі падраздзяленнямі.

Савет моладзі ПМС на пачатку лістапада прыме ўдзел у абласным конкурсе “Лепшы савет моладзі Брэстчыны”.

Алег ТРАЦЦЯК,
начальнік аддзела па справах
моладзі райвыканкама

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *