Вера, якая аб’ядноўвае

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка і старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч абмеркавалі актуальныя пытанні са свяшчэннаслужыцелямі розных канфесій.

Напрыканцы красавіка Ляхавіччыну наведаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка. Ён сустрэўся  з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій,  ідэалагічным актывам, педагогамі, культработнікамі. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні супрацоўніцтва дзяржавы і царквы ў вырашэнні многіх задач, важнасць міжнацыянальнага і міжканфесійнага дыялогу.

Леанід ГУЛЯКА, Упаўнаважаны   па справах рэлігій і нацыянальнасцей:
– У Беларусі зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій. Работа апарата Упаўнаважанага мае на мэце распрацоўку і рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў этнаканфесійнай сферы і накіравана на забеспячэнне канструктыўнага міжканфесійнага дыялогу. Хаця афіцыйнай статыстыкі па колькасці веруючых не вядзецца, вядома, што да іх сябе адносіць прыкладна палова насельніцтва. Прычым, дзяржава гарантуе права кожнага на свабоду выбару рэлігійных ці атэістычных перакананняў і аднолькава лаяльна ставіцца да прадстаўнікоў усіх веравызнанняў. Тое, што прапісана ў Законе “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, безумоўна выконваецца.  Няма перадумоў для супрацьстаяння ўнутры канфесій і паміж імі.
Беларусь – адзіная з краін Еўропы, дзе зямля пад узвядзенне культавых збудаванняў выдзяляецца бясплатна. Штогод з  дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваюцца сродкі для правядзення рэстаўрацыйных работ на тых аб’ектах, якія адносяцца да помнікаў гісторыі і культуры. У нашай  краіне зроблена шмат для таго, каб суіснаванне розных рэлігій  было мірным і стваральным.
Ляхавіцкі раён таму яскравае пацвярджэнне. У адносна невялікай адміністрацыйнай адзінцы пражываюць праваслаўныя, католікі, мусульмане, хрысціяне веры евангельскай, прыхільнікі іншых рэлігій.  Яны мірна жывуць побач, без узаемных прэтэнзій. Лічу, што такое магчыма ў многім дзякуючы граматнай пазіцыі, абранай кіраўніцтвам райвыканкама.
Вячаслаў СЕЛЬМАНОВІЧ,  старшыня Ляхавіцкага райвыканкама:
–  Асноўныя прынцыпы канфесійнай палітыкі краіны застаюцца нязменнымі і прадугледжваюць права грамадзян на свабоду сумлення і веравызнання. Гэта занатавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.    У Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 21 рэлігійная суполка, у тым ліку – 7 праваслаўных, 6 – рымска-каталіцкіх, 6 – хрысціян веры евангельскай,  адна мусульманская. У нас  склалася спрыяльнае міжканфесійнае становішча, а ўзаемаадносіны органаў улады і кіраўнікоў рэлігійных арганізацый на справе канструктыўныя.
Рэлігія заўсёды была і застаецца сур’ёзнай сілай, што фарміруе духоўныя, культурныя і дзяржаўныя традыцыі. З улікам гэтага і будуюцца ўзаемаадносіны раённай улады і рэлігійных суполак. У Ляхавіцкім раёне працуе камісія садзейнічання кантролю за захаваннем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях. Распрацаваны і зацверджаны мерапрыемствы па развіцці канфесійнай сферы, нацыянальных адносін, па супрацоўніцтве з суайчыннікамі за мяжой.
Надзвычай важна, што прадстаўнікі рэлігійных суполак не застаюцца ў баку ад грамадскага жыцця і вырашэння агульных грамадскіх праблем. Свяшчэннаслужыцелі ўсіх канфесій праводзяць актыўную работу па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі, правапарушэнняў і злачынстваў, прымаюць удзел у сельскіх сходах, выступаюць перад школьнікамі, моладдзю, арганізоўваюць дабрачынныя акцыі. І хаця некаторыя з кіраўнікоў каталіцкіх суполак – грамадзяне замежных краін, яны з павагай ставяцца і да насельніцтва, і да ўлады, заклікаюць вернікаў жыць па прынцыпах міралюбівасці і добрасуседства.
Трэба сказаць, што раённая ўлада аднолькава зацікаўлена ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі ўсіх рэлігійных канфесій, пры неабходнасці і магчымасці аказваем  дапамогу ў арганізацыі рэлігійных мерапрыемстваў. Такая пазіцыя і павінна быць у грамадстве роўных правоў.   Узаемапавага, улік меркаванняў і інтарэсаў прадстаўнікоў розных рэлігій – важныя складнікі міру і згоды на роднай зямлі.
Як кіраўнік выканаўчай улады, заўсёды  гатовы выслухаць прадстаўнікоў усіх рэлігійных накірункаў, з якімі б пытаннямі ні звярталіся.
Георгій ЖЫТКО, благачынны  цэркваў Ляхавіцкай акругі:
– Хачу падзякаваць і вам, Леанід Паўлавіч, і раённай уладзе на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам за ўважлівыя адносіны да праваслаўя.
Сёння царква заклікае вернікаў да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці. Прыхаджане і свяшчэннаслужыцелі Ляхавіцкага благачыння ўдзельнічаюць у рэалізацыі, лічу, унікальнага праекта ўзаемадзеяння дзяржавы і царквы – Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой.  Нашы свяшчэннаслужыцелі выступаюць на будзёныя тэмы – прафілактыкі п’янства і наркаманіі, прапаганды здаровага ладу жыцця і г.д. – у студэнцкіх аўдыторыях, перад школьнікамі і чытачамі бібліятэк, удзельнічаюць у круглых сталах і грамадска-культурных  мерапрыемствах. Папулярныя сярод гараджан духоўныя гутаркі, якія вядуцца ў літаратурнай гасцёўні раённай Купалаўкі. Па ініцыятыве спартыўна-паломніцкага аддзела брацтва ў гонар святога прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, сёлета была праведзена спартландыя “Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця”, у ёй удзельнічалі рабяты з усіх праваслаўных прыходаў раёна. З 7 па 9 мая праходзіў духоўна-патрыятычны велапрабег  “Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця”, прысвечаны  72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да ўдзелу ў велапрабезе запрашаліся  ўсе жадаючыя, незалежна ад веравызнання і рэлігійных поглядаў.
Алі-Рашыд БАЙРАШЭЎСКІ,  старшыня Ляхавіцкай  мусульманскай рэлігійнай суполкі:
– Так здаўна павялося, што ў нашым раёне дружна жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.  Напрыклад, многія мае сваякі калісьці жылі на вуліцы Кастрычніцкай побач з праваслаўнымі, католікамі, і ніколі не ўзнікала нейкіх спрэчак ці непаразуменняў на рэлігійнай глебе.  Мы паважаем святы іншых канфесій, такія ж адносіны і з іх боку да нашых звычак і нашай веры.
На сённяшні дзень у нашай мусульманскай суполцы каля 50 чалавек.  Беражліва захоўваем традыцыі продкаў, якія стагоддзямі жывуць на гасціннай беларускай зямлі.
Ян ГЛІНКА, настаяцель касцёла  Успення Божай Маці (аг. Дарава):
– Хачу пацвердзіць, што на Ляхавіччыне спакойнае і спрыяльнае становішча для дзейнасці рэлігійных канфесій, кожная з якіх імкнецца ўнесці свой уклад у кансалідацыю грамадства. Павышэнне ролі сям’і ў сучасным жыцці, выхаванне ў падрастаючага пакалення  патрыятызму, любві да блізкіх, арганізацыя вольнага часу дзяцей, моладзі, дарослых – далёка не поўны пералік спраў, якімі займаюцца і каталіцкія суполкі.
Шмат агульных прыярытэтаў у школы і касцёла: прапаганда здаровага ладу жыцця, адраджэнне культурнай спадчыны, выхаванне міласэрнасці, суперажывання, супрацьдзеянне распаўсюджванню насілля, наркаманіі, алкагалізму.  Дарэчы, ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзяцца ў Дараўскай сярэдняй школе,  бяруць удзел як праваслаўныя, так і каталіцкія святары.
Мікалай ФЁДАРАЎ, старшыня  рэлігійнай суполкі хрысціян веры евангельскай, дырэктар Ляхавіцкага аддзялення дабрачыннай  рэлігійнай місіі “Вяртанне”:
– У місіі, якая размяшчаецца ў памяшканнях былога вучэбна-вытворчага камбіната, праходзяць рэабілітацыю грамадзяне, якія  мелі алкагольную ці наркатычную залежнасць.  Лечым, у тым ліку, і працатэрапіяй.  Суполкі ХВЕ аказваюць дабрачынную дапамогу маючым патрэбу, асабліва дзецям. Сем гадоў запар на летніх канікулах арганізоўваем летнік з дзённым знахо-джаннем для хлопчыкаў і дзяўчынак з Востраўскага сельсавета.  Наладжаны добрасуседскія адносіны  з кіраўніцтвам Востраўскага сельвыканкама, з мясцовымі навучальнымі ўстановамі, сельскімі Дамамі культуры.  Хацелася б праводзіць больш сумесных дабрачынных і выхаваўчых мерапрыемстваў з іншымі рэлігійнымі суполкамі. Разам мы можам зрабіць шмат больш.
У час размовы ўздымаліся і многія іншыя пытанні, у тым ліку і кадравыя. Размова ішла пра падрыхтоўку будучых свяшчэннаслужыцеляў,  запрашэнне клірыкаў з іншых краін.
Леанід Гуляка нагадаў, што не заўсёды ксяндзы – замежныя грамадзяне добра валодаюць адной з дзяржаўных моў Беларусі, і падкрэсліў: у час леташняга візіту  Прэзідэнта краіны  Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан Папа Рымскі Францыск зазначыў,  што свяшчэннаслужыцель  абавязаны весці службы і размаўляць з прыхаджанамі на мове той краіны, у храме якой ён служыць.
Матэрыялы круглага стала  падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *