Клічуць дарогі

Сёння філіял КУП «Брэстаблдарбуд» Ляхавіцкае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне 200 — самадастатковае рэнтабельнае прадпрыемства, на якім працуе 96 чалавек.  Яно мае на сваім балансе больш за 420 кіламетраў дарог, валодае магутным машынна-трактарным паркам, пастаянна ўдасканальвае напрацаваныя і  ўкараняе новыя  вытворчыя тэхналогіі.

А пачыналася ўсё 45 гадоў таму. 1 лістапада 1966 года ў Ляхавічах быў створаны дарожна-эксплуатацыйны ўчастак № 200, і размяшчаўся ён у прыватным доме па вуліцы Кастрычніцкай. Участку былі перададзены 179 кіламетраў аўтамабільных дарог, а парк дарожна-будаўнічай тэхнікі складаўся з 2 трактароў і прычэпа. За 4 з паловай дзесяцігоддзі змянілася многае, але па-ранейшаму для дарож-нікаў галоўная задача —  утрымліваць транспартныя шляхі ў належным стане, каб вадзіцелі і пасажыры, праязджаючы па Ляхавіччыне, бачылі парадак і чысціню на дарогах і паабапал іх, а непасрэдна на праезнай частцы не было перашкод і выбоін, на сваім месцы былі разметка і дарожныя знакі. Да таго ж  дарожнікі займаюцца добраўпарадкаваннем вуліц і дваровых тэрыторый: толькі апошнім часам новы асфальт і  тратуары з’явіліся на вуліцы Лугавой у райцэнтры, каля новабудоўляў па вуліцы Інтэрнацыянальнай, вядуцца работы ў дварах на вуліцах Южакова і Будаўнікоў.  Шчыруюць дарожнікі і на будаўніцтве аграгарадкоў.  Сёлета зона іх адказнасці — вуліцы, пад’езды і тэрыторыі  зернесушыльных комплексаў, машынна-трактарных паркаў аграгарадкоў Тальмінавічы і Востраў.

— ДРБУ-200 — адно  з нямногіх упраўленняў, якія прынялі ўдзел у будаўніцтве рэспубліканскага маштабу — аб’язной дарогі вакол Нацыянальнага парка «Белавежская пушча». З яе 185 кіламетраў —1 кіламетр 972 метры — за ляхавіцкімі дарожнікамі, — гаворыць галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Ляшчэня.

Сёлета за 9 месяцаў асвоена 8 мільярдаў 338 мільёнаў  рублёў капіталаўкладанняў.

— Свой невялікі юбілей ДРБУ-200 сустракае прыемнай навіной. Атрыманы дазвол на  будаўніцтва міні-завода па вытворчасці пліткі і бардзюрнага каменя. Вытворчасць забяспечыць не толькі  патрэбы ўпраўлення, але ў нас з’явіцца магчымасць  выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю для спажыўцоў, — расказвае начальнік ДРБУ-200  Сяргей Лаптановіч.

Сяргей Мікалаевіч — малады, дзелавы, мэтанакіраваны кіраўнік з новымі, сучаснымі  поглядамі на тое, як прадпрыемству  развівацца далей. Узначальвае калектыў некалькі месяцаў, але яго канцэпцыя працаваць у разважлівай, спакойнай абстаноўцы з акцэнтам на якасць выконваемых работ і пашырэнне ўласнай вытворчасці прынята з задавальненнем. Лаптановіч верыць у калектыў, а калектыў — у кіраўніка.

— Людзі — галоўнае наша багацце, дасягненне і перспектыва. Менавіта ад калектыву залежаць   укараненне новых тэхналогій, поспех справы. Вельмі важна захаваць кадры, для якіх прадпрыемства стала не проста месцам работы, а часткай душы, — разважае Сяргей Лаптановіч.

Дарогі, як артэрыі жыцця, сталі галоўнымі і прайшлі праз лёс ветэранаў дарожнай вытворчасці. Каля 30 гадоў  працуюць на прадпрыемстве  слесар  Уладзімір Буйко і больш за 40 — зваршчык  Васілій Жэрка. Багаты вопыт у начальніка вытворчага аддзела Га-ліны Крашэўскай, тэхнолага Ніны Максімчык, галоўнага бухгалтара Таццяны Азімка, інжынера па заработнай плаце Ганны Сокал. Усяго толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы інжынера  па падрыхтоўцы вытворчасці Валянціны Аўраменка,  34 гады жыцця якой звязаны з ДРБУ-200. Гонар арганізацыі  — Алена Лойка. 10 гадоў яна ўзначальвала прадпрыемства, і цяпер яе вопыт і прафесіяналізм запатрабаваны — Алена Адамаўна працуе ў інжынерна-тэхнічнай службе.

Амбіцыйная, адукаваная, ініцыятыўная моладзь ДРБУ-200 паспяхова працуе на адказных аб’ектах. Да прыкладу — майстры Валерый Зубік, Іван Клявец, Яўгеній Расюк. Тысячы кіламетраў дарог праехалі і ўпэўнена адчуваюць сябе ў кабіне аўтамабіля маладыя вадзіцелі Дзмітрый Багдановіч і Андрэй Сокал.

Прозвішча Пілінога ва ўпраўленні на слыху  ўжо шмат дзесяцігоддзяў — тут працуе цэлая дынастыя.  Міхаіл  Пілінога  цяпер на заслужаным адпачынку, яго сын Ігар — галоўны механік, а брат Леанід і пляменнікі Юрый і Андрэй — механізатары  грэйдараў.

ДРБУ — стабільнае ўпраўленне ва ўсіх сэнсах.  Людзі  ганарацца тым, што працуюць тут. Акрамя дастойнай заработнай платы (за верасень яна склала ў сярэднім 1 мільён 800 тысяч рублёў) кожны з працаўнікоў мае сацыяльныя гарантыі. А за  прафесіянальныя  дасягненні і поспехі тут атрымліваюць узнагароды. Вось і да прафесійнага свята  лепшыя з лепшых працаўнікоў ДРБУ-200 будуць узнагароджаны ганаровымі граматамі КУП «Брэстаблдарбуд» і ўпраўлення. А галоўная ўзнагарода для ўсіх, чый лёс звязаны з ДРБУ-200, як пяецца ў гімне дарожнікаў: «О нас пропоют свои песни колёса бегущих машин».

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *