Усё лепшае – дзеці. Усё лепшае – дзецям. Вось ты які – сэнс жыцця! /фота/

Эталон чыстасардэчнай, самай шчырай і чароўнай усмешкі патрабуе ці… поўнай бяззубасці, ці шчарбатасці з-за таго, што не ўсе зубкі выраслі ці частку іх мышка забрала. Патрабаванне мадэльнай постаці – пухленькае цельца, у ямачках локцікі-каленачкі. Ідэальны твар – ружовашчокі, з носікам-кірпацікам, даверлівымі вачанятамі. Пазналі? Ну, канешне, гэта вашы сыночкі і дачушкі, унукі-ўнучанькі. Самыя лепшыя, самыя разумныя, самыя прыгожыя, цікаўныя, знаходлівыя. І зусім не таму, што – вашы: ну ўрадзіліся самымі-самымі. Любоў-радасць-надзея, пяшчота-клопат-трывога, сёння-заўтра-заўсёды ўсё лепшае –  дзеці, усё лепшае – дзецям. Ад мамаў-татаў, бабуляў-дзядуляў, ад старэйшых родных і блізкіх, ад выхавальнікаў і настаўнікаў, дактароў і артыстаў, ад Дзеда Мароза і чароўнага зайчыка (ліскі, залатой рыбкі, добрай феі, Віні Пуха і гномікаў…). І ў абавязковым, шчодрым парадку – ад дзяржавы. Штодня – бесперапынна, незалежна ад пары года, мудра, надзейна і трывала.
Але вясной і летам наша аптымістычная дэмаграфія найбольш відавочная.  На арэлях і ў пясочніцах, на горках і лавачках, ля фантана ці проста з асабістага транспарту – зручных калясак усміхаецца яна, заліваецца радасным смехам, чамукае безліч разоў, гамоніць, катаецца на веласіпедах, роліках, самакатах… Цудоўная пара дзяцінства! Непаўторная, шчаслівая, абласканая. І хіба можа быць інакш, калі  справа датычыць сэнсу жыцця?!
1 чэрвеня – Дзень абароны дзяцей. Ад несправядлівасці, ад зла, ад дрэннага слова, вока, учынка. Дадзім шар зямны дзецям, а над ім – сонца пяшчотнае, неба чыста-мірнае: расціце здаровымі, расціце шчаслівымі, расціце людзьмі, дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі – заўтрашнія гаспадары жыцця. І станьце   самадастатковымі, справядлівымі гаспадарамі. А мы, дарослыя, вельмі стараемся, каб гэта спраўдзілася.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *