Генеральная ля ажэшкінскага дуба

Мінулай восенню «ЛВ «заверасніў» творчым праектам «Гісторыя ў асобах», першым сюжэтам якога стала ідэя прадоўжыць век дуба, пасаджанага напрыканцы мінулага стагоддзя Элізай Ажэшка ў тагачасным маёнтку Бохвіцаў у Флер’янове. Сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць: дуброва, пасаджаная нераўнадушнымі землякамі, якія далучыліся да веснікаўскай ініцыятывы, набірае моц.

Сярод гэтых нераўнадушных — і ветэраны, і моладзь: Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня раённай ветэранскай ар-ганізацыі Генрых Траццяк, яго сябар Валянцін Багатыроў, далучыліся бээрэсэмаўцы. І, галоўнае, ёсць разуменне і падтрымка раённай улады, а таксама  мясцовай гаспадаркі — СВК «Шлях новы» і яго старшыні Аляксандра Вашчука, лясгасаўцаў, эколагаў.

З іскры, як гавораць, разгараецца полымя. Сёння ўжо зацверджаны мера-прыемствы па адраджэнні  флер’яноўскага палацава-паркавага ансамбля, дзе так дарэчы будзе адкрыць музей гісторыі. А для гэтага, у першую чаргу, трэба навесці тут парадак. Чым актыўна і займаюцца Траццяк і Багатыроў, а ў дапамогу ім — валанцёры з Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, актывісты БРСМ на чале з першым сакратаром райкама маладзёжнай арганізацыі Ларысай Юшкевіч.

Рабяты ўдзельнічалі ў пасадцы дубкоў мінулай вясной, а праз паўгода паспяшаліся да сваіх дрэўцаў, парадаваліся выніку. Потым заняліся ўборкай: зграбалі апаўшае лісце, збіралі сухія галіны, наводзілі марафет ля ажэшкінскага дуба. Каляджане з задавальненнем  сталі ўдзельнікамі імправізаванай экскурсіі па палацава-паркавым ансамблі. У якасці гіда выступіў Генрых Траццяк.

Дарэчы, актывісты БРСМ, навучэнцы 41-й «заа» групы, якія былі сярод тых, хто пасадзіў ажэшкінскую дуброву, хто ўдзельнічаў ва ўборачным дэсанце, задалі рытарычнае пытанне: «Праз паўгода мы — выпускнікі, і хто пасля нас будзе клапаціцца пра дуброву, і ці зможам мы калі-нікалі вяртацца сюды?». Чаму рытарычнае? Таму што на змену адным нераўнадушным прыходзяць іншыя, у каго таксама відушчае сэрца, і таму што дубкі, як жывыя істоты, будуць чакаць сустрэчы з тымі, хто іх пасадзіў.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *