У прыгожай абгортцы

І гэта зусім не той выпадак, калі за прыгожай абгорткай хаваецца нешта малавартаснае. Наадварот – пад бліскучым поліэтыленам герметычна запакавана каштоўная субстанцыя. Сянаж у такім выкананні, пра што сведчаць і практыка, і спецыялісты гэтага сельскагаспадарчага цэха, адрозніваецца высокай якасцю. У тым выпадку, вядома, калі дакладна, пакрокава пройдзены ўсе этапы тэхналагічнага ланцужка. Касьба як трэба, работа варушылак, час на падсушку і г.д. А аб’ёмныя цыліндрычнай формы шпулі з’яўляюцца ўжо канчатковым прадуктам, на якім фарміруецца прадукцыйнасць жывёлагадоўчай фермы.

Увогуле, спосаб не новы, але па-ранейшаму адносіцца да ліку сучасных. Практыкуюць яго дастаткова даўно і многія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нашага раёна. Як адзін з метадаў назапашвання кармоў, паралельна ці ў дадатак да класікі жанру – нарыхтоўка сенажу ў траншэю.
ЗАТ “Белпрампрыбор” не з іх ліку. У адзін з гарачых касавічных дзён мы пабывалі на зялёным палетку акцыянернага таварыства. Паглядзелі, пагутарылі з механізатарамі, пранікліся. Галоўны аграном прадпрыемства Віктар Канецпольскі на тэму ўраджайнасці зялёнай нівы гаворыць “вяла”, з адценнем суму ў голасе. Але канкрэтна:
– Травы ў гэтым годзе ці не на палову горшыя леташніх. Пра прычыны ведаеце і паўтарацца на тэму “адсутнасці вясны” не буду. Працуем. Качаем у рулоны, абгортваем, складваем. Усё гэта практычна ў рэжыме нон-стоп. Невялікія перапынкі ў рабоце апошнім часам здараюцца. Але, калі гаварыць у цэлым, надвор’е спрыяе корманарыхтоўчым клопатам. Хоць ёсць і адваротны бок медаля: зерневыя і іншыя расліны пакутуюць ад смагі.
Прыкладна палову наяўных шматгадовых травяных угоддзяў прадпрыемства ўжо скасіла, многае ўбрана. А касавіца працягваецца, і “рухаюць” яе вопытныя, не першы дзень “у тэме” трактарысты-машыністы-вадзіцелі. Першым з зялёным  палеткам вітаецца Аляксандр Дубіна. Звычайна гэта адбываецца глыбокай раніцай. Ён касільшчык з многагадовым вопытам і імкненнем зрабіць сваю справу максімальна якасна. Прэсам падборшчыкам-абмотчыкам кіруе Іван Дзянішчык. Усе прыведзеныя ў папярэднім выпадку эпітэты будуць справядлівы і ў яго адрас.
Віталій Саган па-майстэрску падпарадкоўвае сваёй волі пагрузчык “Амкадор”, абсталяваны спецыяльным неагрэсіўным пагрузачным захватам. Неагрэсіўнымі, далікатнымі, дакладнымі і выверанымі павінны быць і дзеянні машыніста пагрузчыка. Каб не сапсаваць поліэтыленавую “скурку”. Калі такое здарэнне не будзе заўважана і своечасова выпраўлена – пагаршэнне якасных характарыстык прадукту гарантавана.
На маршруце “касавічнае поле – месца складзіравання” ў ЗАТ “Белпрампрыбор” задзейнічаны ў тым ліку і платформенны МАЗ. Аляксею Кулаку, канешне, бывае няпроста за рулём вялікага аўтамабіля.
–  Добры хлопец, працуе даўно, – коратка і без вытанчаных слоў ахарактарызаваў аўтамабіліста галоўны аграном.
Дабавім, што пералічаным складам удзельнікаў зялёнае жніво ў “Белпрампрыборы”, безумоўна, не абмяжоўваецца. Кампанія агульнагаспадарчая, усебакова важная і ўсезначная. Скажам інакш: важная і значная для кожнага працаўніка акцыянернага таварыства.
Па даных на ўчарашні дзень, у раёне скошана тры чвэрці шматгадовых травяных угоддзяў. Нарыхтавана амаль 23 тысячы тон сенажу.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Механізатар Васілій Равяка, вадзіцель Аляксей Кулак, механізатар Віталій Саган

Механізатар Іван Дзянішчык



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *