Гатовы фінішаваць

Памятаем, як усё пачыналася. Жарабковіцкі палетак, на якім сабраўся семінар толькі выйшаў на ўзровень уборачнай спеласці. Спецыялісты-аграрыі ў думках і ўслых  яшчэ раз “пракручвалі” маючую пачацца касавіцу. Акцэнт – на адметнасцях кампаніі, яе сёлетняй суровай рэальнасці. Прайшлі тыдні з таго часу, і перад найбольш паспяховымі ў гэтай справе гаспадаркамі раёна ўжо замаячыў фініш. Напрыклад, “Жарабковічы”, дзе ўсё і пачыналася, касьбу завяршылі. З “адмераных” пад першы ўкос 1600 зялёных гектараў “на пні” не засталося ні травінкі. Але гэта меншая частка справы – скасіць. Вынікам работы можа лічыцца толькі гладка сабраная і па ўсіх правілах аграрнай навукі ўпарадкаваная зялёная маса. “Жарабковічам” даўпарадкаваць засталося каля дзясятай часткі скошаных плошчаў. І аднымі толькі сянажнымі нарыхтоўкамі гаспадарка не абмяжоўваецца. Рыхтуюць сена, якога насушылі ўжо не адну сотню тон. Што называецца, і для грамадскага статку, і каб было што пакласці на стол жывёле з прыватных аграгарадскіх і вясковых падвор’яў, на якія пастаўлена ўжо каля дзвюх соцень тон гэтага віду корму.
“Жарабковічы”, дарэчы, дапаўняюць спіс з двух сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія сёння працуюць больш вынікова, чым учора. Без спасылкі і паправачных каэфіцыентаў на суровасць года ў параўнанні з папярэднім. Другім такім і куды больш паспяховым па ўдзельным паказчыку з’яўляецца ДП “Нача”. Па інфармацыі райсельгасхарчу на 15 чэрвеня, дзяржпрадпрыемства нарыхтавала больш за 9 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў у разліку на ўмоўную галаву. Некалькі больш, чым на гэтым часовым адрэзку летась, і ў разы больш, чым некаторыя іншыя гаспадаркі раёна сёлета. З лёгкім адставаннем ад “Начы” ідуць агракаледж і “Ліпнянка” – за 8 цэнтнераў кармавых адзінак, з некаторым – “Ляхавіцкі”, корманарыхтоўчыя аб’ёмы якога наблізіліся да 7 і “Белпрампрыбора” – пад 5.
Далей – горш. ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, напрыклад, “накасіў” гэтым сезонам усяго толькі на паўтара цэнтнера кармавых адзінак. Пры тым, што год назад названы паказчык амаль у 5 разоў выглядаў больш выгадна. Невысокі, справакаваны неспрыяльнай вясной ураджай шматгадовых траў? Так. Але, як звярнулі ўвагу ў райсельгасхарчы, касавічныя тэмпы маглі б і павінны былі быць сапраўды ўборачнымі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *