Ток мясцовага паходжання

Пытанне мае гісторыю, і аб гэтым варта ўзгадаць для поўнай яснасці. Праект па пераўтварэнні сілы воднага патоку ў сілу току стартаваў на Ляхавіччыне ўжо больш як чатыры гады таму. Напрыканцы 2007 года аб’ект “Будаўніцтва ГЭС на рацэ Шчара вадасховішча Мінічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці” быў уведзены ў эксплуатацыю.

У якасці заказчыка праекта выступала РУП “Брэст-энерга”. Функцыі па абслугоўванні і эксплуатацыі міні-гідраэлектрастанцыі былі ўскладзены на Ляхавіцкі РЭС. І ці не адразу ж высветлілася, што за-дзейнічаныя ў схеме гідраэлектраагрэгаты не забяспечваюць той магутнасці, якая пазначана ў іх тэх-нічнай характарыстыцы. У сувязі з гэтым фактам завод-вытворца, а ім у выніку конкурснай перамогі стала адно з прадпрыемстваў Расійскай Федэрацыі, забараніў эксплуатацыю гідраагрэгатаў. Пра гэту сітуацыю наша газета расказвала ў 2009 годзе.

Пачаліся перамовы па выхаду ці магчымасці вываду міні-ГЭС на праектныя магутнасці. З аднаго боку – расійскі пастаўшчык асноўнага гідраэнергетычнага абсталявання, з другога – заказчык гэтага абсталявання ў асобе РУП “Брэстэнерга”.

Прайшоў час, многія тысячы кубічных метраў вады ўцяклі ў Шчары з той пары. Што змянілася, ці працуе зараз мясцовы аб’ект гідраэнергетыкі? З такімі пытаннямі “ЛВ” звярнуўся ў Ляхавіцкі РЭС. “Працуе”, – пацвердзіў галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Фінюцін. Стала вядома таксама, што электрастанцыя эксплуатуецца ў зменным рэжыме, абавязкі па непасрэдным яе абслугоўванні паміж сабой дзеляць два спецыялісты.

Міні-электрастанцыя, нагадаем, абсталявана двума гідраэлектрагенератарамі, кожны магутнасцю ў 100 кілават. Такім чынам, у патэнцыяле міні-ГЭС здольна выпрацоўваць да 200 кілават электраэнергіі ў гадзіну. У якой сістэме каардынат знаходзіцца гэта лічба? Прыкладна такую ж “нагрузку” спажывае сярэднераённы – не зусім малы, аднак, і не самы вялікі – населены пункт.

Сёння рэальныя вытворчыя магутнасці станцыі “вагаюцца”, па  словах Сяргея Мікалаевіча, разам з ваганнямі ўзроўню вады ў вадасховішчы Мінічы. У прамой залежнасці.

Здаецца, не лішнім будзе дадаць, што міні-электрастанцыя выкарыстоўваецца не для сілкавання нейкага канкрэтнага аб’екта ці некалькіх аб’ектаў – уключана ў агульную сістэму электразабеспячэння раёна. “Закальцавана”, – вобразна зазначыў галоўны інжынер РЭС.

Наколькі аб’ект надзейны ў эксплуатацыі, ці здараюцца непаладкі і маюць месца факты выхаду са строю абсталявання? “Калі і здараюцца, то дастаткова хутка выпраўляюцца”, – быў адказ.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *