Пяты корпус кропка бай. Як адпачываюць у Ляхавіцкай «Чайцы»

Кіламетр, другі ад райцэнтра, паварот – і вось такая знаёмая дарога, паабапал якой спачатку жытнёвае поле з валошкамі, потым  невялікі лясок з водарам паспяваючых суніц  і, зрэшты, любімы ляхавіцкай дзятвой летнік. Прывітанне, “Чайка”!

16 чэрвеня адбыўся заезд на другую змену. Навасельцы – 102 хлопчыкі і дзяўчынкі  ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў з  розных школ горада і раёна.  Новыя знаёмствы, чарговыя прыгоды, мноства і толькі прыемных сюрпрызаў, конкурсы, гульні, падарожжы, дыскатэкі – такой абяцае быць  гэта змена даўжынёй у 18 дзён.  І кожны з іх будзе не звычайным забаўляльным, а з эканамічным ухілам. Уся змена называецца “Фартуна”, замест атрадаў  створаны пяць  філіялаў з адпаведнымі назвамі “Банкіры”, “Капітал”, “Манаполія”, “Фінансісты”, “Эканамісты”.  Ініцыятар праекта, старшы выхавальнік Аляксандр Стэцко  раскрывае некаторыя асаблівасці  запланаванага і задуманага:
– Адпачынак павінен быць не толькі  аздараўленчым, але  запамінальным і  навучальным.  Праз гульню  разам з калегамі-педагогамі  вучым рабят  быць крышачку эканамістамі.  Замест традыцыйнага фестывалю  творчасці пройдзе  форум мастацтваў “Па-за канкурэнцыяй”. “Міс лагера” і “Містар лагера” заменяць  “Бізнес ледзі” і “Бізнес бой”. І валюта ў нас свая – называецца “леты”.
Час у летніку бяжыць імкліва. Пад’ём, зарадка, сняданак і пайшло-паехала, толькі паспявай – адпачывай!
– Сумаваць няма калі. Я ў летніку першы раз. Трапіў у філіял “Манаполія”. Шкадую, што раней не прыязджаў. Але нічога, наступным летам зноў сюды. Адразу столькі сяброў знайшоў, – расказвае  12-гадовы Павел Гачко з аграгарадка Ліпск.
– А я ў “Чайцы” пяты раз. Як жа тут цудоўна і весела.  У нас філіял “Банкіры”. Стане сумна, дайце знаць. Электронны адрас просты: “Пяты корпус кропка бай”, – далучаецца да размовы  Каця Коктыш з Баранавічаў.
– Педагогі на змене актыўныя. Ёсць вопытныя, як Таццяна Калацкая і Таццяна Нагорная, яны, нібы мамы для адпачываючых. Ёсць і маладыя – студэнты, якія таксама хутка знайшлі з  хлопчыкамі і дзяўчынкамі агульную мову.  Здароўе рабят пад надзейным кантролем медыкаў з Ліпскай урачэбнай амбулаторыі –  урача  Юліі Лапко і медсястры Наталлі Гачко. А шэф-повар у нас – мастак-кулінар Святлана Вайшэвіч, – расказвае дырэктар лагера Людміла Лешык.
Вось такое паўсядзённа-святочнае жыццё на другой  чайкаўскай змене, адкрыццё якой урачыстай лінейкай і вялікай канцэртнай праграмай адбылося ў мінулы панядзелак.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *