Ягадка ты мая…

Сям’я Дыдышкаў вырасціла багаты ўраджай клубніц.

У лунінецкім  Дварцы – клубнічнай сталіцы Брэстчыны – ужо некалькі тыдняў як адкрыты чарговы сезон: збор і продаж ягад у самым разгары.  А  яшчэ вёска рыхтуецца да чарговага клубнічнага фестывалю.

А што ў Ляхавічах? Пакуль гектарных клубнічных плантацый у нашым раёне няма. Вельмі ж далікатная гэта ягада і патрабуе ашчаднага догляду. Але нямала садаводаў-аматараў, якія адводзяць пад яе невялікія ўчасткі ці  нават некалькі сотак: што для сябе, што на продаж. Напрыклад, дружная і працавітая сям’я Таццяны і Аляксандра  Дыдышкаў з вёскі Задвор’е.  Яны беражліва даглядаюць кожны ягадны кусцік на сваім прысядзібным участку і на бацькоўскім у Ліпску. Дапамагаюць  дзеці.  Спраўляюцца.  Няцяжка ўявіць, колькі даводзіцца дзеля гэтага завіхацца.
У кожнага з Дыдышкаў ёсць свой асноўны занятак: Таццяна працуе ў райбальніцы, Аляксандр – на кансервавым заводзе, дачка Вікторыя  і сын  Максім – школьнікі. І ўсе разам няблага засвоілі клубнічную навуку. У выніку атрымліваецца дадатковы сезонны заробак.
Ёсць два варыянты, дзе можна ў Ляхавічах купіць першыя  ягады новага сезона: рынак і магазіны. Што датычыцца апошніх, то  тут бясспрэчны лідар – ляхавіцкае раённае спажывецкае таварыства.  Менавіта нарыхтоўшчыкі райпо паклапаціліся, каб ляхавічане ўдосталь  паласаваліся клубніцамі: скрыні з ягадамі  паступілі на паліцы  гандлёвых кропак  яшчэ да сярэдзіны чэрвеня. І якасць добрая, і салодкія, і кошт прымальны. Напрыклад, у першы прывоз   у магазін “Родны кут” па адрасе вуліца Леніна, 24  клубніцы каштавалі
2 рублі за кілаграм. Праз некалькі дзён на рынку адны гаспадары-прыватнікі прадавалі ягады па 3,5 рубля за той жа кілаграм, другія – па 2 рублі за літровы слоік.
Сёлетнія капрызы надвор’я “паспрыялі” таму, што ў цэлым  ягадны ўраджай  не надта багаты. Невялікая колькасць клубніц на  нашым рынку – таму пацвярджэнне. Не так шмат, як летась, і суніц.  Нялепшым чынам гэта  адбіваецца на кошце. Напрыклад, у мінулыя суботу і  нядзелю за 200-грамовую шклянку  суніц прасілі 2,5 рубля. “Дарагавата”, –  гаварылі многія, але  куплялі – вельмі карысная гэта ягада.
А які абед  без свежых агурочкаў, памідораў, ранняй бульбы? Пасля таго, як  магазін пад назвай “Кааператар” змяніў  не толькі шыльду, але і асартымент, садавіну-агародніну   трэба шукаць у іншых гандлёвых кропках ці, зноў жа, на рынку. І тут райпо – фаварыт. У вялікай палатцы на рыначнай плошчы  хапае ўсяго: агуркі (танней, чым у магазінах), памідоры, капуста, бульба, баклажаны,  перац, чырвоныя бурачкі – усё новага ўраджаю і сваё, айчыннае. Есць  і цыбуля, праўда, пакуль прывазная. Багаты  выбар – хапае і пакупнікоў. Прычым, у выхадныя дні іх значна больш, чым у будныя. У каапраме расказалі, што  сёлета  ўжо нарыхтавана і прададзена праз  рознічны гандаль 2 тоны клубніц, закупленых у Лунінецкім раёне. Працягваецца  нарыхтоўка агуркоў,  наперадзе –
чарніцы, парэчкі, вішні, слівы, грыбы і г.д. Чатыры  нарыхтоўчыя кропкі адкрыты ў Ляхавічах,  закупляць сезонны тавар таксама будуць у 15 сельскіх магазінах. Шкада толькі, што галоўны нарыхтоўчы адрас па вуліцы Цітовіча ў райцэнтры пакуль на замку.
Канкурэнцыю рыначнаму райпоўскаму гандлю складаюць  індывідуальны прадпрымальнік Галіна і прыватныя гаспадары, якія прадаюць  садавіну-агародніну, вырашчаную на сваім участку. Што датычыць стацыянарнага гандлю, то даволі шырокая прапанова – у любімым многімі “Верасе”, а таксама ў “Еўраопце” і “Усходнім”.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *