Зорачкі абавязваюць

“Дапамагчы кожнаму піянеру стаць грамадзянінам, сваімі справамі і ўчынкамі прыносіць карысць сабе, сям’і, Радзіме” – галоўная мэта Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Сёння БРПА вярнулася да гістарычных каранёў дзіцячага руху нашай краіны: перш, чым уступіць у піянеры, хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца акцябратамі.

У школах раёна больш як 700 пачаткоўцаў носяць акцябрацкія зорачкі. На мінулым тыдні да іх далучыліся 44 другакласнікі СШ № 2. Для рабят было арганізавана свята “Падарожжа па краіне Акцябратыі”, падчас якога хлопчыкі і дзяўчынкі падарожнічалі па імправізаваных станцыях, адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі, расказвалі пра сімвалы нашай краіны, спявалі. Новыя акцябраты далі абяцанне “быць сапраўднымі наследнікамі піянерскіх традыцый, старанна вучыцца, аказваць дапамогу, берагчы традыцыі і культуру беларускага народа, расці сапраўднымі патрыётамі Рэспублікі Беларусь”.

Вольга БУЙКЕВІЧ,
педагог-арганізатар СШ №2

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *