Дэпутацкі абавязак – увага да запытаў людзей. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч правёў у Ляхавічах прыём грамадзян па асабістых пытаннях

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч правёў у Ляхавічах прыём грамадзян па асабістых пытаннях

У мінулы чацвер ляхавічане мелі магчымасць звярнуцца са сваімі праблемамі да старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, які праводзіў выязны прыём грамадзян. 9 чалавек, 7 узнятых імі пытанняў – і зацікаўлены дыялог, у якім асабістая тэма кожнага заяўніка была пастаўлена ў цэнтр увагі спікера верхняй Палаты беларускага парламента.

Як правіла, сітуацыі, якія сталі прычынай звароту да старшыні Савета Рэспублікі, з’яўляюцца праблемнымі для канкрэтных людзей. Хтосьці не задаволены рашэннем той ці іншай інстанцыі, іншых хвалюе кватэрнае пытанне і г.д. Напрыклад, скарга жыхароў шматпавярховіка з вуліцы Інтэрнацыянальнай райцэнтра датычыла няякасна пабудаванага іх дома, у якім працякаюць сцены, дах. Усё гэта працягваецца шмат гадоў. Некаторыя праблемныя моманты ўжо вырашаны. Раённая ўлада гэтым пытаннем займаецца ўшчыльную. На аб’екце вядуцца рамонтныя работы. Яшчэ ў пачатку года іх першую чаргу прафінансаваў раённы бюджэт. Засталося нявырашаным пытанне з рэабілітацыяй сцен.

У размове са спецыялістамі высветліліся пэўныя абставіны: з-за адсутнасці заключэння аб аварыйнасці сцен іх рэабілітацыю за бюджэтныя сродкі зрабіць      нельга – толькі за сродкі жыльцоў. З улікам таго, што большасць з іх з’яўляюцца пенсіянерамі, ёсць і са статусам пацярпелых ад наступстваў Чарнобыльскай аварыі, будзе вывучацца магчымасць выдзялення датацый.

І гэты зварот, і іншыя, якія датычылі ў тым ліку паляпшэння жыллёвых умоў, добраўпарадкавання дарог, узяты на кантроль і будуць разгледжаны дэталёва.

Міхаіл Мясніковіч пракаменціраваў вынікі прыёму грамадзян і адзначыў, што пытанні, з якімі да яго звярнуліся заяўнікі, носяць як грамадскі характар, так і асабісты. «Безумоўна, многія пытанні патрабуюць фінансавых сродкаў. Але ёсць і такія, якія патрабуюць большай увагі ад кіраўнікоў гаспадарак, дэпутацкага корпуса», – адзначыў старшыня Савета Рэспублікі. Ён падкрэсліў, што дэпутатам мясцовых Саветаў трэба больш увагі ўдзяляць рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства: «Характар пытанняў, якія ўзнімаліся сёння, гаворыць, што многія з іх маглі быць вырашаны дэпутатамі і адпаведнымі Саветамі дэпутатаў на месцах: ці то забеспячэнне сенакосамі, ці пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем жылой забудовы, – гэта ўсё дэпутацкія праблемы». Адным словам, дэпутацкі абавязак – увага да запытаў людзей.

У гэты ж дзень Міхаіл Мясніковіч пацікавіўся ходам корманарыхтоўчай кампаніі ў СВК «Ляхавіцкі», пабываў на малочнатаварнай ферме гаспадаркі, а таксама сустрэўся з кіраўніцтвам ЗТАА «БелДан».

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *