Выратавальнікі-вызваліцелі

Ратаваць чалавека з агню, вады і розных надзвычайных сітуацый – іх работа. Але не толькі. Супрацоўнікі РАНС з аднолькавай гатоўнасцю прыходзяць на выручку і братам нашым меншым, якія трапілі ў бяду.

У мінулую нядзелю на пульт цэнтра аператыўнага кіравання РАНС патэлефанаваў неабыякавы прахожы: тэрмінова патрабуецца дапамога параненай птушцы. Некалькі хвілін – і выратавальнікі выехалі ў накірунку чыгуначнай станцыі «Кавалі». Белую чаплю з паламанай лапкай знайшлі ў канале з вадой. Птушка заблыталася ў водарасцях і не магла самастойна вызваліцца. На дапамогу крылатай паланянцы прыйшлі начальнік каравула ПАВЧ №1 Сяргей Траяноўскі (на здымку) і вадзіцель Аляксей Пятух. Знясіленую чаплю вызвалілі з травяных путаў і перадалі ў райветстанцыю.

25 ліпеня  пажарныя-выратавальнікі прымалі віншаванні з прафесійным святам. А 27 ліпеня  запрашаюць сваіх землякоў на ўрачыстасці з яго нагоды, што распачнуцца ў 17 гадзін у скверы ля фантана. У праграме – выстаўка аварыйна-выратавальнай тэхнікі, водная феерыя і многае іншае. Будзе цікава!

Фота з архіва РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *