Слова, якому вераць

Якім крытэрыям павінен адпавядаць якасны інфармацыйны прадукт? Што трэба прадпрымаць, каб рэгіянальныя СМІ былі запатрабаваны жыхарамі Брэстчыны, выклікалі давер і дапамагалі аб’ектыўна  ацаніць сваім чытачам, гледачам і слухачам усё, што адбываецца навокал? Меркаваннямі па гэтых і многіх іншых пытаннях дзяліліся ўдзельнікі рэгіянальнага семінара «Аб інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці і задачах сродкаў масавай інфармацыі», што прайшоў на гэтым тыдні ў Пінску на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У рабоце семінара  прымалі ўдзел намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, галоўны саветнік упраўлення ідэалагічнай і інфармацыйнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Марчанка, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава. Аўдыторыя –  сур’ёзная і прадстаўнічая: кіраўнікі ідэалагічных службаў аблвыканкамаў, намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў Брэстчыны, якія курыруюць сацыяльную сферу, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі з усіх рэгіёнаў вобласці, рэдактары друкаваных і электронных СМІ.

Адкрываючы семінар, Алег Вялічка  падкрэсліў, што ролю сродкаў масавай інфармацыі пераацаніць цяжка: інфармацыйныя патокі не проста ўздзейнічаюць на людзей, яны напрамую ўдзельнічаюць у фарміраванні грамадскай думкі, грамадзянскай пазіцыі насельніцтва. Інфармацыйнае поле Брэстчыны намеснік старшыні аблвыканкама ацаніў як вельмі насычанае: акрамя рэспубліканскіх СМІ, на тэрыторыі вобласці распаўсюджваюцца 77 перыядычных друкаваных выданняў (33 з іх дзяржаўныя, 44 – недзяржаўныя), працуюць  9 электронных сродкаў масавай інфармацыі (у тым ліку  5 дзяржаўных і 4 недзяржаўныя тэлерадыёкампаніі),  4 станцыі FM-радыё, паслугі насельніцтву аказваюць 34 аператары кабельнага тэлебачання.

Пра грамадзянскую адказнасць і прафесійны абавязак журналістаў гаварыў намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Ён нагадаў, што на адной з прэс-канферэнцый беларускім СМІ Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка дакладна і канкрэтна сфармуляваў  задачы сапраўднай журналістыкі – «гэта сумленнае і поўнае інфармаванне людзей аб сітуацыі, фарміраванне канструктыўнага грамадскага меркавання, кансалідацыя намаганняў на вырашэнні задач і ўхіленні праблем».

Як гэта ўвасабляецца ў жыццё рэгіянальнымі СМІ Брэстчыны, прагучала ў выступленні начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяны Гагакавай.

Пра надзённыя праблемы і шляхі іх вырашэння, цікавыя высновы і арыгінальныя знаходкі ў падачы чытачам-гледачам-слухачам інфармацыйнага кантэнту ішла размова падчас работы журналісцкай секцыі. І размова гэта атрымалася шчырай, зацікаўленай і па сутнасці. Тым больш, тэмы ўздымаліся сапраўды вострыя, блізкія і газетчыкам, і работнікам тэлерадыёвяшчання: як глыбокаму зместу надаць эфектную форму; што сёння шукаюць і што знаходзяць дасведчаныя і «прасунутыя» інтэрнэт-серферы ў сусветнай павуціне; як зрабіць для іх цікавым сайт рэгіянальнага выдання; як дастойна і дзейсна супрацьстаяць распаўсюджанню дэструктыўнага кантэнту і парушэнню аўтарскага права. Адказы на гэтыя і іншыя далёка не рытарычныя пытанні прадстаўнікі рэгіянальных СМІ шукалі разам з першым намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз журналістаў» Сяргеем Сверкуновым, намеснікам генеральнага дырэктара Беларускага тэлеграфнага агенцтва Сяргеем Адзярыха, цікавымі і кампетэнтнымі суразмоўцамі з інстытута журналістыкі БДУ і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

У гэты ж час у іншай аўдыторыі абмяркоўваліся не менш важныя пытанні, аб’яднаныя агульнай тэмай – узаемадзеянне органаў улады і СМІ.

Канкрэтным вынікам ідэалагічнага форуму стала вызначэнне так званых «кропак далейшага росту». Пасля актыўнай работы ў секцыях шэраг перспектыўных накірункаў агучылі мадэратары з Акадэміі кіравання.

Падводзячы вынікі работы семінара, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч  зазначыў: для таго, каб заставацца запатрабаваным, кожнаму СМІ, у тым ліку рэдакцыям раённых газет, трэба стаць сапраўдным медыйным цэнтрам – творчым, тэхналагічным, шматфункцыянальным, накіраваным на вырашэнне звычайных клопатаў і праблем землякоў.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *