У кніг таксама юбілей

Да знамянальнай  гісторыка-культурнай даты – 500-годдзя  беларускага кнігадрукавання – купалаўка і сельскія бібліятэкі ладзяць  шматлікія выставы, сустрэчы, акцыі, прагляды, семінары, дыспуты, конкурсы.

Колькі ўсяго цікавага даведаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, якія пабываюць на пастаянна дзеючай выставе «У кніг таксама юбілей», арганізаванай ў дзіцячай бібліятэцы. Больш за 120 маленькіх чытачоў  удзельнічалі ў  тэатралізаваным свяце «Кніжны сусвет». На сустрэчу з імі завіталі любімыя казачныя персанажы і каралева Кніга. Яны  праводзілі конкурсы, віктарыны, гульні, загадвалі загадкі, успаміналі прыказкі і прымаўкі. І па зацікаўленых тварах рабят было відаць: галоўная задача бібліятэкараў –  прывіць любоў да мастацкага слова, выхаваць любоў да чытання – дасягнута.

Далучыліся да юбілейных урачыстасцей і ўдзельнікі дзіцячага клуба «Натхненне». Яны актыўна паспрабавалі сябе ў якасці мадэляў у фотаконкурсе «Мая кніга для свету», аб’яўленым міжнародным радыё «Беларусь» і прысвечаным 500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Работы (фота са сваёй любімай кнігай ці яе малюнак) ад прэтэндэнтаў  на перамогу дасылаюцца з розных краін свету. Кожны  можа праз інтэрнэт прагаласаваць за фотаздымак, што найбольш спадабаўся.

Добрым дапаможнікам у падрыхтоўцы святочных мера-прыемстваў стаў буклет  «500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню», падрыхтаваны і  выдадзены аддзелам біблія-тэчнай рэкламы і маркетынгу ЦБС.

Цікавая прапанова купалаў-кі – фотавыстава за шклом у зале абанемента. Экспазіцыя дэманструе выявы першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны, а таксама яго выданняў, друкарскага станка і іншага.

Не менш актыўныя і сельскія бібліятэкі. Напрыклад, у Тухавіцкай  прайшло свята «Карабель, дзе вет-разі – старонкі».  Акрамя  тутэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак цікава бавілі час іх равес-нікі, якія гасцявалі ў бабуляў і дзядуляў на канікулах. Для многіх удзельнікаў свята стала сапраўдным адкрыццём гісторыя ўзнікнення кнігі. Падчас віктарыны рабяты адгадвалі назвы кніг, галоўных герояў.

У Начаўскай сельскай бібліятэцы ладзілася выстава-віктарына «Цудоўная азбука».  Як аказалася, начаўскія дзеці не толькі любяць чытаць, у тым  ліку  творы беларус-кіх пісьменнікаў і паэтаў, але і робяць гэта вельмі ўважліва.

У ліпені святкавалі  135-годдзе з нара джэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і 70-годдзе  прысваення Ляхавіцкай бібліятэцы імя Купалы. Сярод шэрага разнастайных мерапрыемстваў адметным стаў конкурс электроннай прэзентацыі «Пясняр зямлі беларускай», у якім перамог мастацкі кіраўнік Тальмінавіцкага СДК Алег Салавей, другое месца ў вучаніцы СШ № 2 Надзеі Адамчык, трэцяе заняў Уладзіслаў Болтуць з Начаўскай СШ.

Наперадзе яшчэ шмат сустрэч з  друкаваным багаццем – кнігай.  Сёння яна хоць і вельмі адрозніваецца ад сваёй першакрыніцы, але для сваіх чытачоў такая ж прывабная і чаканая.

Наталля БАГДАНОВІЧ,

намеснік дырэктара  ЦБС па рабоце з дзецьмі.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *