Мы за энергаэфектыўнасць

Энергазберажэнне і экалогія – важнейшыя элементы культуры сучаснага чалавека. Зберагчы энергію – гэта не толькі зэканоміць свае грошы, але і захаваць нашу Зямлю.

Змяншэнне колькасці спажываемай энергіі і энергазберажэнне ў прамысловасці, дамах і кватэрах – вельмі важнае пытанне для ўсіх нас, таму што сёння Беларусь імпартуе больш за 80 працэнтаў ад неабходнай колькасці энерганосьбітаў. Спецыялісты лічаць, што да 40 працэнтаў спажываемай энергіі ў быце можна зэканоміць простымі і недарагімі спосабамі.

Дамашняя эканомія

Бытавыя электрапрыборы сталі неад’емнай часткай сучаснага быту. Вытворцы электрапрыбораў працуюць над паляпшэннем якасці і характарыстык сваіх тавараў, у тым ліку і энергетычных. Уведзена маркіроўка ўзроўню энергаспажывання электрапрыбораў. Сістэма  энергетычнай мар-кіроўкі ўключае ў сябе 7 класаў ад А (найбольш эфектыўныя прыборы) да G (найменш энергаэфектыўныя).  Набываючы электрапрыборы, неабходна звярнуць увагу на клас энергаэфектыўнасці: больш высокі клас (А або В) азначае, што затраты электраэнергіі будуць меншымі ў параўнанні з такім жа прыборам больш нізкага класа (С, Д, Е, F, G). У  шэрагу выпадкаў для прыбораў з асабліва высокімі параметрамі энерга-зберажэння ўнутры класа А вы-дзяляюць дадатковыя ўзроўні  А+, А++.

Агульныя правілы карыстання электрапрыборамі

Набывайце электрапрыборы высокіх класаў энергаэфектыўнасці і ўстанаўлівайце менш энергазатратныя рэжымы работы прыбораў.

Поўнасцю адключайце электрапрыборы і зарадныя ўстройствы ад сеткі, таму што, пастаянна знаходзячыся ў рэжыме чакання (stand-by), яны непрыкметна спажываюць большую колькасць электраэнергіі. Тэлевізар, які працуе 3 гадзіны ў дзень і знаходзіцца ў рэжыме stand-by 21 гадзіну, расходуе каля 40 працэнтаў энергіі ў рэжыме чакання. DVD-прайгравальнік і відэамагнітафон у рэжыме чакання спажывае каля 2-3 Вт (у месяц 1-1,2 кВт-г). Нявыкарыстаны камп’ютар за 2 гадзіны выкарыстоўвае 200-300 Вт (за  месяц – каля 12 кВт-г). Перыферыйныя ўстройствы (прынтэры, сканеры) рэкамендуецца выключаць заўсёды, калі яны не выкарыстоўваюцца. Эканомія складае каля 2-3 кВт-г у месяц.

Каб не пакідаць прыборы ў рэжыме stand-by, выкарыстоўвайце  падаўжальнік з выключальнікам тыпу “пілот”. Націсканнем адной кнопкі вы выключаеце ўсе далучаныя да яго прыборы.

Зараднае ўстройства, падключанае да разеткі пастаянна, траціць да 95 працэнтаў энергіі ўпустую. Не пакідайце зараднае ўстройства для мабільнага тэлефона, фотаапарата, плэера, ноутбука ўключаным у разетку без зараднага апарата. Зараднае ўстройства пры гэтым усё роўна спажывае электрычную энергію, але выкарыстоўвае яе не на зарадку, а на нагрэў.

Трэць  хатніх энергазатрат  прыпадае іменна на кухню. Найбольш энергаёмістыя з кухонных прыбораў – электрапліта, мікрахвалёвая печ, духоўка, халадзільнік, маразільная камера, пасудамыйная машына і электрачайнік. Для эканоміі электраэнергіі трэба захоўваць некаторыя правілы, якія не патрабуюць дадатковых  намаганняў.

Халадзільнік і маразільнік спажываюць прыкладна 20 працэнтаў электраэнергіі ў хатняй    гаспадарцы. Разумна расстаўляйце мэблю на  кухні: пліта і  халадзільнік – дрэнныя суседзі. З-за цеплааддачы пліты халадзільны агрэгат спажывае больш энергіі.

Размяшчайце халадзільнікі і маразільнікі  ўдалечыні ад крыніц цяпла. Не стаўце ў іх гарачую ежу – гэта дазволіць ім спажываць менш электраэнергіі для ахаладжэння. Ушчыльнік халадзільніка павінен быць чыстым і добра прылягаць да корпуса і дзверцаў. Нават невялікая адтуліна ва ўшчыльненні павялічвае расход энергіі на 20-30 працэнтаў.

Не закрывайце радыятар халадзільніка, пакідайце шчыліну паміж сцяной памяшкання і задняй сценкай халадзільніка, каб яна магла свабодна ахалоджвацца.

Рэгулярна размарожвайце халадзільнікі і маразільнікі старых канструкцый, па магчымасці, замяніце іх на новыя маркі з аўтаматычным цыклам размарожвання. Яны, як правіла, амаль удвая больш энергаэфектыўныя, чым ранейшыя.

Калі вы гатуеце на электрапліце, выключайце канфорку за нейкі час да гатоўнасці ежы, каб не прапала астаткавае цяпло разагрэтай канфоркі, або паступова выкарыстоўвайце яе для прыгатавання іншых страў. Прымяняйце посуд з дном, дыяметр якога роўны або крыху  пераўзыходзіць дыяметр канфоркі. Гэта дазволіць захаваць 5-10 працэнтаў энергіі.

Калі ў вас газавая пліта, то сачыце, каб полымя гарэлкі не выходзіла за межы  дна каструлі, патэльні, чайніка, інакш вы проста будзеце награваць паветра ў кватэры.

Па магчымасці, выкарыстоўвайце духоўку для прыгатавання  некалькіх страў. Радзей адкрывайце духоўку, каб праверыць гатоўнасць стравы – кожны раз, як вы гэта робіце, губляецца да 20 працэнтаў акумуляванага цяпла. Дзверцы духоўкі павінны шчыльна прылягаць да корпуса пліты і не выпускаць гарачае паветра.

Посуд, у якім гатуецца ежа, павінен быць чыстым і не прыгарэлым. Самым энергаэканомным з’яўляецца посуд з нержавеючай сталі з паліраваным шматслойным дном.

Выкарыстоўвайце посуд (каструлі, патэльні) для прыгатавання ежы з роўным дном, накрывайце яго накрыўкай. Хуткае выпарэнне вады падаўжае гатаванне на 20-30 працэнтаў, і, адпаведна, на столькі ж павялічвае расход электраэнергіі.

Спажывайце невялікую колькасць вады, пасля яе закіпання пераключайцеся на нізкатэмпературны рэжым гатавання – гэта не толькі дазволіць зэканоміць электраэнергію, але і захавае карысныя рэчывы ў прадуктах. Істотная эканомія электраэнергіі дасягаецца, калі гатаваць ежу ў скараварцы.

Электрачайнік патрабуе асаблівага догляду. Своечасова выдаляйце накіп з чайніка і іншых  награвальных прыбораў. З-за нізкай цеплаправоднасці накіпу вада награецца марудна, а расход энергіі павялічваецца. Старайцеся кіпяціць такую колькасць вады, якая неабходна ў даны момант, замест таго, каб кіпяціць яе “пра запас”. Падагравайце ваду на газе, а не ў электрычным чайніку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *