“Крыніца” маёй любві

Калі на сцэне выступае гэты вядомы ў раёне самадзейны калектыў, якому акампаніруе не менш папулярны народны ансамбль народнай музыкі “Народныя музыкі”, то гэта свята для душы. Вядомыя і не вельмі народныя песні ў іх выкананні набываюць новае, прафесійнае гучанне. А ўсё таму, што мастацкі кіраўнік  народнага ансамбля народнай песні “Крыніца” Людміла Ламака, якая і сама мае талент спявачкі іменна народных песень, падбірае галасы сапраўды ўнікальныя – звонкія, шырокага дыяпазону, прыгожыя. Не менш таленавіта гучаць  і партыі мужчынскай групы ансамбля, падборам якіх займаецца вельмі творчы чалавек Мікалай Ламака. А яшчэ танцавальныя элементы, шыкоўныя сцэнічныя касцюмы – і атрымліваецца захапляючая імпрэза. Слухаеш, і прыходзіць жаданне падхапіць песню…

Тое, што сёння сустрэцца з “Крыніцай” жадаюць ва ўсіх куточках раёна, запрашаюць выступіць суседзі – зусім не выпадковасць, а заканамернасць, бо з гэтым сама-дзейным калектывам весела і прыгожа. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ансамбль пабываў з канцэртамі ў многіх калектывах раёна. Вельмі цёпла і шчыра сустракалі выступленне народнага калектыву ў ДП “Нача”, СВК “Ляхавіцкі”. Народныя песні, прыпеўкі, лірычныя кампазіцыі, танцы зачароўвалі гледачоў. На біс выклікалі мужчынскую групу з песняй “Сонца засвяціла на двары”, “Гаворка беларуская”, а калі выконваў ансамбль “Польку-весялуху”, “Вясёлую старонку”, то многім хацелася пусціцца ў скокі разам з артыстамі.

У гэтым гастрольным туры асабліва паказалі сябе маладыя таленты. Самабытныя галасы ў старшакласнікаў Андрэя Пранчака і Святланы Хмыз, навучэнкі аграрнага каледжа Марыны Карэлік, якія  захапляюцца народнай творчасцю і з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне спяваць у народным ансамблі. Разам з прафесійнымі маладымі выканаўцамі Кацярынай Мітрашэнкавай, братамі Мікалаем і Максімам Ламакамі яны з’яўляюцца пераемнікамі творчасці больш сталых прадстаўнікоў ансамбля.

Дарэчы, значную частку рэпертуару ансамбля “Крыніца” складаюць песні мастацкага кіраўніка народнага ансамбля народнай песні “Народныя музыкі” Эдуарда Сіліцкага. Наш таленавіты зямляк стварае сапраўдныя музычныя шэдэўры, якія гучаць узнёсла і хораша, кранаюць за душу. “ Грай, гармонік!”, “Ляхавіцкае вяселлейка”, “Прызнанне”, інструментальныя кампазіцыі “Беларускі марш і танцы”, “Полька-фенька”, “Беларускія фантазіі”, напісаныя сэрцам кампазітара, які вельмі любіць родную Ляхавіччыну і музыку.

Калі пяе “Крыніца” – пяе душа.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *