Новы дом у Ляхавічах сустракае гаспадароў

Прыемную місію ў мінулую сераду давялося   выконваць кіраўніку раёна Вячаславу Сельмановічу. Ён уручыў сертыфікаты на арэндныя кватэры першым навасельцам арэнднага дома № 54 па вуліцы Леніна ў райцэнтры. А гэта, у пераважнай большасці, маладыя спецыялісты.
Дом, рэканструяваны за бюджэтныя сродкі, у бліжэйшыя дні прыме 35 сем’яў. А заўтра тут, на першым паверсе, афіцыйна адкрываецца цэнтр дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.
– Наша сям’я сем гадоў  чакала гэтай  падзеі. Вельмі рады, што нарэшце будзем мець сваё жыллё, – не хавае радасці ляхавічанка Таццяна Калгушкіна. Сям’я Калгуш-кіных – адна з першых стала ўладальніцай сертыфіката на атрыманне  арэнднай кватэры ў рэканструяваным доме № 54 па вуліцы Леніна ў райцэнтры.
– Шыкоўней падарунка ніколі не атрымлівала! Нават не верыцца: я ўладальніца двухпакаёвай кватэры, – не стрымлівае эмоцый  і настаўніца інфарматыкі гімназіі Паліна  Белавус.
– Наогул, гэты верасень багаты на значныя падзеі ў нашым жыцці. Першыя самастойныя ўрокі, набліжаецца прафесійнае свята – Дзень настаўніка. А тут яшчэ і такі бонус – свая трохпакаёвая кватэра, – далучаецца да калегі настаўніца фізікі гімназіі Сафія Палукошка.
Шчаслівыя навасельцы (першыя з 35 уладальнікаў кватэр у гэтым доме) – настаўнікі, медыкі,  супрацоўнікі праваахоўных органаў, выратавальнікі –сабраліся ў мінулую сераду ў гасцёўні купалаўкі на, без перабольшання, вызначальную падзею.
– Шчыра віншую вас з  атрыманнем сертыфікатаў на кватэры.  Гэта дарагі праект. Але дзяржава не шкадуе грошай на жыллёвае будаўніцтва. Вы атрымліваеце  добраўпарадкаванае жыллё ў доме, які рэканструяваны за сродкі, выдаткаваныя з раённага і абласнога бюджэтаў.  Раённая ўлада робіць вельмі многае, каб маладыя кадры былі забяспечаны не толькі  работай, але і жыллём, мелі магчымасці для адпачынку і заняткамі спортам. Спадзяёмся, створаныя ўмовы паспрыяюць таму, што вы застанецеся жыць і працаваць на Ляхавіччыне, – зазначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, уручаючы сертыфікаты.
Ужо на наступным тыдні будынак, рэканструкцыя якога абышлася бюджэту ў 1800 тысяч рублёў, напоўніцца шматгалоссем. Сустракай  гаспадароў, новы дом!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *