Ордэн за шчасце
Напярэдадні свята «ЛВ» напрасіўся ў госці ў дружную сям’ю Гарыбянаў з вёскі Зарытава.
Кожны з нас мастак… мастак свайго асабістага жыцця. Мы самі выбіраем палітру, колерамі якой будзем яго фарбаваць. Калі маляваць партрэт сям’і Гарыбян, пачынала б з сонечнага жоўтага, які падкрэслівае атмасферу ўтульнасці, дадала б чырвонага – любві, зялёнага – значыць, паразумення, затым блакітнага – шчаслівага, мірнага колеру і яшчэ многа-многа іншых адценняў, якія б увасобілі пяшчоту, клопат, узаемапавагу.
– Калі ласка, заходзьце. У нас шумна, але вы прывыкніце! – запрашае Кацярына Гарыбян.
– Праз пару хвілін з вучобы прыедзе старэйшы сын, а малодшага муж ужо забірае з дзіцячага садка. Я пакуль з дачушкамі гатую вячэру.
Знаёмцеся: Мілана сервіруе стол, Яна прыглядае за самай маленькай з Гарыбянаў – двухгадовай Ліянай.
Хутка ўся сям’я сабярэцца за сталом, каб абмеркаваць, як прайшоў дзень, што цікавага адбылося, магчыма, штосьці трэба вырашыць. Гэта ўжо стала традыцыяй.
У доме маладых Гарыбянаў шчасця ў некалькі разоў больш, чым у многіх іншых. Тут жыве мнагадзетная сям’я. Кацярына – мама пяцярых сыноў і дачок. Насуперак усім стэрэатыпам зусім не выглядае стомленай. Глядзіш і дзівішся, як гэта прыгожая, ураўнаважаная, ветлівая і ў той жа час вельмі энергічная жанчына, здавалася б, з безліччу клопатаў і спраў, усё паспявае. І двор у парадку, і ў доме чысціня і камфорт. Проста так заведзена ў сям’і, што адзін аднаму дапамагаюць: разам робяць урокі, прыбіраюць, гатуюць. Нават у рамонце ўсе прымалі ўдзел: хто фізічна, а хто маральна – дзеці ведаюць, як падбадзёрыць і ўзняць настрой. Старэйшаму Вадзіму 15 гадоў, сёлета ён паступіў у Клецкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, асвойвае прафесію трактарыста-машыніста. Добры памочнік у хатніх справах. Дачушкі заўсёды прыглядзяць за маленькімі гарэзамі Давідам і Ліянай. А муж Адам, як і належыць, надзейная апора і падтрымка для ўсёй сям’і.
Зараз Кацярына ў водпуску па доглядзе за дзіцем. А хутка ён зменіцца працоўнымі буднямі: яна прыступіць да знаёмай справы аператара машыннага даення ў ААТ «Жарабковічы».
Кацярына не разумее тых, хто гаворыць, што дзеці – гэта пастаянныя цяжкасці, або пытае, калі жыць дзеля сябе. Адказ адзін – яны і ёсць жыццё, самае сапраўднае, без іх шчасце было б прэсным. А што гэта за шчасце, калі яно прэснае?..
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.