У стылі агра
Багатая гістарычная і культурная спадчына, зручнае геаграфічнае месцазнаходжанне – здавалася б, што яшчэ трэба для развіцця ў нас аграэкатурызму. На справе ж вырашальную ролю маюць адпаведная інфраструктура і сучаснае інфармацыйнае суправаджэнне. А з апошнімі ў раёне не надта прывабная сітуацыя. Пра гэта і многае іншае ішла размова на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак.Зусім нялішнім было б уключыць у распрацаваныя турыстычныя маршруты ўстановы культуры, якія могуць прапанаваць знаёмства з традыцыйнымі беларускімі абрадамі. А, напрыклад, фальклорны фестываль «З крыніц спрадвечных», па меркаванні кіраўніка раёна, даўно неабходна выводзіць на міжнародны ўзровень.
Даволі важнае значэнне мае і транспартнае суправаджэнне турыстычных паслуг. Не кожная аграсядзіба можа пахваліцца хлебасольнасцю (у прамым сэнсе) – у большасць адпачываючыя прыязджаюць са сваім правіянтам. А была б наладжана сувязь з прадпрыемствамі грамадскага харчавання раёна – глядзіш, і турыстаў стала б больш.
Бясспрэчнай падтрымкай у развіцці аграэкатурызму ў раёне будзе добраўпарадкаванне дарожнай інфраструктуры і прылягаючых тэрыторый на шляху да аграсядзіб.
Сярод прапаноў аддзела адукацыі, спорту і турызму па ўдасканаленні турыстычнай дзейнасці – стварэнне грамадскага аб’яднання. Аднак, як адзначыў Вячаслаў Сельмановіч, ці не будзе такое аб’яднанне яшчэ адным, існуючым толькі на паперы?
А вось інфармацыйнае суправаджэнне агратурызму яўна патрабуе ўдасканалення і пашырэння. «Ляхавіччына турыстычная» і «Брэстчына турыстычная» – канешне, патрэбныя і цікавыя інтэрнэт-рэсурсы. Аднак, прапанаваў кіраўнік раёна, нялішнім будзе ўключыць турыстычныя паслугі і ў сайты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, гасцініцы «Эдэльвейс».
Наогул, на нарадзе прагучала нямала арыгінальных і цікавых прапаноў. А «ЛВ» не губляе надзеі на стварэнне «Залатога кальца» Ляхавіччыны, пра якое раёнка пісала ўжо неаднойчы.
Галіна КАНЬКО.

