Дзе мае грошы?..

Ці ёсць у вас бягучы банкаўскі рахунак? Чую ў адказ: не. Наступнае пытанне: ці з’яўляецеся вы трымальнікам банкаўскай плацежнай карткі? Адказ: так. А цяпер зазначу, што вам  патрабуюцца ўрокі па фінансавай граматнасці. Бо гэтыя пытанні ўзаемазвязаны: калі ў вас ёсць плацежная картка, ёсць і бягучы банкаўскі рахунак.

Кожны дзень чалавек вырашае свае асабістыя фінансавыя задачы. Нават калі ідзе ў магазін за пакупкамі: падлічвае, колькі грошай можа патраціць, якую частку не чапаць, а што лепш адкласці, каб наблізіцца да мары, напрыклад, набыць аўтамабіль.
Але, на жаль, не кожны здольны разумна распараджацца зберажэннямі,  і справа не толькі ў грошах ці іх адсутнасці, а ў нядбайнасці, недахопе часу і жадання разбіраць і аналізаваць свае даходы і расходы. Прасцей сказаць, што грошай не хапае, або што малая зарплата, чым паспрабаваць высветліць, што прывяло да пустога кашалька.
Неабходнасць  фінансавай адукацыі чалавека ў сучасным свеце відавочная. На семінары «Фінан-савая граматнасць насельніцтва. Актуальныя аспекты банкаўскага заканадаўства», які адбыўся напачатку кастрычніка ў галоўным упраўленні Нацбанка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, абмяркоўваўся ўдзел СМІ ў рабоце па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва. Менавіта праз газеты, часопісы, радыё- і тэлеперадачы, старонкі ў інтэрнэце многія даведваюцца пра падзеі, што адбываюцца ў банкаўскай сферы, пра новыя паслугі або акцыі. Выдатная магчымасць засяродзіць увагу на незразумелых момантах, разабрацца з новаўвядзеннямі праз адказы на пытанні, меркаванні экспертаў і спецыялістаў і г.д. А праз гісторыі з жыццёвага вопыту можна даведацца, як, напрыклад, беларусы вучацца кіраваць фінансамі або імкнуцца зарабіць на хобі, як засцерагчы сябе ад махляроў. Інфармацыі многа, а праявіць жаданне і зацікавіцца гэтымі пытаннямі – значыць зрабіць першы крок да павышэння сваёй фінансавай граматнасці.
У першую чаргу, яна мае на ўвазе  эфектыўнае кіраванне асабістымі фінансамі, планаванне даходаў і расходаў. Для гэтага патрэбна валодаць інфармацыяй пра сітуацыю на фінансавых рынках. У 2016 годзе быў праведзены тэст навыкаў у галіне фінансавай матэматыкі, які паказаў, што 3,3 працэнта апытаных маюць выдатны ўзровень ведаў і ўменняў, 23 – здавальняючы,  33 – добры, 29,2  – нездавальняючы, а ў 11,5 працэнта  адсутнічаюць такія веды і ўменні.
Нягледзячы на тое, што асновы фінансавай граматнасці па школьнай праграме не вывучаюцца, гэта не значыць, што дзецям іх ведаць неабавязкова. Важна тлумачыць, як уладкаваны матэрыяльны бок жыцця, навучыць распараджацца грашыма, даць элементарныя веды: навошта банкаўская картка, што такое плацежная сістэма і г.д. Сёння работа па гэтым напрамку вядзецца самым актыўным чынам. Напрыклад, упершыню ў гісторыі краіны  Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і ўсе  яго галоўныя ўпраўленні па абласцях правялі дні адчыненых    дзвярэй.
Ёсць шэраг дзіцячых выданняў, якія проста і цікава расказваюць пра складанае. На сайце інтэрнэт-партала фінансавай граматнасці насельніцтва fingramota.by бацькі   могуць скачаць, напрыклад, кнігі «Грашовая азбука», «Дзеці і грошы. Дапаможнік сямейных фінансаў для дзяцей», «Твае першыя фiнансы» і іншыя. Праз казкі і апавяданні дзеці засвойваюць азы гэтай навукі. А праз гульні, што  прапаноўваюцца на сайце, можна «прапрацаваць» тэорыю на практыцы: напрык-лад, віртуальна рабіць пакупкі, пры гэтым сачыць за фінансамі,  вучыцца імі правільна распараджацца. Праводзіцца таксама рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці. У мінулым годзе прадстаўнікі  Брэсцкай вобласці прадэманстравалі ў ёй выдатныя веды і сталі пераможцамі.

Дарэчы, любы карыстальнік інтэрнэта сёння можа прайсці тэст: адказаць на пару тэставых заданняў і даведацца пра свой узровень фінансавай граматнасці.

На семінары былі разгледжаны асноўныя аспекты плана па дэдаларызацыі эканомікі. Намеснік начальніка эканамічнага ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Святлана Беразюк яшчэ раз падкрэсліла, што нізкі ўзровень даларызацыі эканомікі і высокі ўзровень даверу да нацыянальнай валюты – залог эфектыўнасці       грашова-крэдытнай палітыкі і забеспячэння фінансавай стабільнасці.

Атрымалі журналісты адказы і на актуальныя пытанні наконт АІС «Разлік» (АРІП), праз якую магчыма аплачваць больш за 61 тысячу паслуг. Але, на жаль, статыстыка называе сумныя лічбы: карыстаюцца ў сярэднім 10 паслугамі. А такая сістэма ажыццяўлення плацяжоў дае магчымасць праводзіць аплату без наведвання офіса банка. Эканоміцца час: не трэба стаяць у чарзе, можна не выходзячы з дому разлічвацца за паслугі. А ўзнікнуць пытанні – тэлефануйце 141.

Змястоўнай была і размова  пра асноўныя напрамкі крэдытавання жыллёвага будаўніцтва ААТ «ААБ Беларусбанк».   Больш падрабязна пазнаёміцца са спектрам фінансавых прадуктаў і паслуг для насельніцтва і бізнесу можна на выставе «МаніФэст», якая ў гэтым годзе пройдзе 26-28 кастрычніка ў Мінску.

Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *